Дарога ў неба праз касцёл

Мінулая нядзеля сабрала да касцёла ў аграгарадку Барсукі вялікую колькасць людзей. Яшчэ з шашы было бачна святочнае ўбранне новага храма рымска-каталіцкай царквы, адчувалася ўрачыстая абстаноўка.

Крыху з гісторыі. Вернікі каталіцкай канфесіі, жыхары вёсак Барсукі, Пералоі, Пасекі і некаторых іншых населеных пунктаў доўгі час ездзілі ў Божыя храмы Порплішча, Докшыцы, а да таго – у Глыбокае. Мець сваю святыню на месцы — было запаветнай марай многіх католікаў. Калі прыехаў у Парплішчанскую парафію ксёндз Тадэвуш Кавальскі, які актыўна распачаў работу сярод вернікаў, — то на месцы невялікай хаткі, якая стаяла ўжо незапатрабаванай, з’явілася капліца. Усімі сіламі, у большасці за кошт ахвяраванняў католікаў ды і некаторых праваслаўных вернікаў, капліца набыла больш-менш належны выгляд. Але час ішоў і людзям ужо мала было таго, каб прыходзіць у святочныя ды выхадныя дні  ў прыстасаванае пад храм памяшканне. Востра адчулася патрэба ў новым касцёле. Спагадліва падышоў да гэтага жадання людзей дырэктар ААТ “Барсучанка” Сяргей Маскалёнак і выдзеліў на патрэбу католікам тыпавы цагляны дом. Праз тры гады, дзякуючы старанням ксяндза Юрыя Бараўнёва, вернікаў і ўсіх спагадлівых людзей, на гэтым месцы ўзнік Божы храм імя Святога Юрыя Велікамучаніка, Святога Сямейства.

Дзень сённяшні. Урачыстасць з нагоды высвянчэння касцёла ксёндз Юрый пачаў са слоў падзякі. Ён дзякаваў за тое, што ўзняўся купал у неба, старшыні райвыканкама Алегу Пінчуку, былому начальніку аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Іосіфу Падрэзу, старшыні мясцовага сельгаставарыства Сяргею Маскалёнку, і старшыні сельвыканкама Ірыне Карандзей, усім-усім, хто меў хоць невялікае дачыненне да гэтай справы.

Са знакамітай падзеяй і днём нараджэння пробашча касцёла ад імя кіраўніцтва раёна і сябе асабіста павіншавала намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Валянціна Рандарэвіч, якая прыехала на свята разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы Аксанай Гапанёнак.

Біскуп Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Уладзіслаў Блін, які прыняў непасрэдны ўдзел у высвянчэнні касцёла, радаваўся разам з вяскоўцамі, што ў Параф’янаўскага дэканата з’явілася яшчэ адна святыня, дзе ў любы час можна адпачыць душой.

У той пахмурны дзень неба распагодзілася і не пусціла ніводнай кропелькі дажджу, які б мог сапсаваць святочны настрой. Доўга на вуліцы гучалі хрысціянскія песні, якія выконваў хор з касцёла Ёзафа Кунцэвіча горада Міёры.

На будучыню. Прыемнай падзеяй у час урачыстасці стала хрышчэнне двух немаўлят. Божымі дзецьмі сталі Ілля і Яўген. Як сказаў Уладзіслаў Блін, калі ў вёсцы растуць дзеці, а бацькі звяртаюцца да Бога за ласкай да іх, то вёсцы жыць, як жыць і ўсяму народу беларускаму. У час нядзельнай урачыстасці маліліся за Беларусь, светлую і мірную, за ксяндза Юрыя, які пабудаваў гэты касцёл і аб’ядноўвае вакол сябе вернікаў каталіцкай канфесіі, за маці Галіну Бараўнёву, якая аддала двух сыноў на службу да Бога, за кожнага прыхаджаніна, які душой імкнецца да жыцця вечнага.

Святочная ўрачыстасць адбылася якраз напярэдадні дня нараджэння Юрыя Бараўнёва і яго анёла-ахоўніка. А таму віншавалі пробашча дарослыя і дзеці, сяльчане і інтэлігенцыя.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *