Чысціню навялі — пара ўпрыгожваць

Шматгадовая кампанія па навядзенні чысціні і парадку на зямлі, якая пачыналася з банальнага знішчэння шматлікіх сметнікаў, ужо дае свае плённыя вынікі. Зараз у межах горада самавольнае складзіраванне смецця рэдка сустрэнеш. Калі дзе што за зіму і накопліваецца, то як толькі сыходзіць снег, яно ўбіраецца.

У час рэйду на заднім двары нарыхтоўчай крамы спажывецкай кааперацыі прыйшлося ўбачыць рэшткі паліва, якім цеплілася кацельня, але яно ўжо было пазграбана ў акуратныя кучкі. Хочацца быць упэўненым, што ў бліжэйшыя дні гэтае смецце будзе вывезена, а рэшткі макулатуры, якія валяюцца недалёка, — падабраны і складзіраваны.

Калі першая прыступка пераадолена, то любы чалавек, нават дзіця, упарта пачынае карабкацца на наступную. Пераводзячы гэта на добраўпарадкаванне, атрымліваецца, што пасля барацьбы за чысціню павінна пачацца стварэнне прыгажосці. Прыклады арыгінальнасці дызайну з устаноўкай малых архітэктурных формаў, фарбавым разнаквеццем пры афармленні вытворчых тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый ёсць, але надышоў час, каб прыгожа стала ўсюды. У гэтым плане добрым прыкладам для пераймання можа быць вопыт ВУ “Докшыцырайгаз” (здымак першы). Магчыма, неаднаразовае ўпамінанне ў якасці прыкладу менавіта гэтай арганізацыі падасца некаму назойлівасцю, але што рабіць, калі перасягнуць газавікоў пакуль ні ў каго не атрымліваецца. Можа таму, што добраўпарадкаванне тут узведзена ў ранг вытворчай галіны і яго пытаннямі займаюцца дырэктар, галоўны інжынер, старшыня прафкама, а галоўны бухгалтар разбіраецца ў кветках не горш за прафесійнага біёлага? Летась упраўленнем вельмі шмат было зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі на Крулеўшчынскім участку. Сёлета работа будзе працягвацца ля новага вытворчага цэха. Калі пералічваць на грошы, то затраты, безумоўна, вялікія. Але можна падысці да справы па-гаспадарску і расаду кветак (больш за 10 сартоў) вырошчваць самім, напрыклад, у цяпліцы. Такой, як у райгазе, больш, пэўна, няма ні ў каго, але ўскапаць гранку зямлі, высадзіць расаду і накрыць яе плёнкай, можа кожны. Пачак насення, дарэчы, каштуе 5 тысяч рублёў. Расады з 10 пачкаў хопіць на тое, каб любую тэрыторыю зрабіць квітнеючым аазісам. Шматгадовыя кветкі патрабуюць яшчэ меншага ўкладу сродкаў. У кожнай арганізацыі знойдзецца чалавек, які захапляецца развядзеннем кветак, азеляненнем, трэба толькі адшукаць яго, зацікавіць, а справу добраўпарадкавання зрабіць важнай і патрэбнай. Аддаваць не даніну модзе, рабіць яе не для правяраючых, а па патрэбе душы. Японцы лічаць, што нават мінутнае сузіранне прыгажосці красавання сакуры ці журчання ручая ў садзе камянёў, дае натхнення на дзень плённай працы.

Магчыма, гэтым кіраваліся ў ДРБУП № 180, калі добраўпарадкоўвалі тэрыторыю не толькі з вуліцы, але і на заднім двары. Квітнеючыя клумбы, фантан, прыгожыя лавачкі – гэта ўсё для адпачынку працуючых. Ля тэрыторыі дзіцячага садка № 3 у райцэнтры нельга не спыніцца, каб не палюбавацца на ўсе тыя дзівосы, якія пры мінімальных затратах стварылі ўмелыя рукі і мастацкая фантазія калектыву гэтай установы.
Кожны сезон нечым новым у добраўпарадкаванні радуе ПМС. Агульнае станоўчае ўражанне ад карціны добраўпарадкавання крыху псуе ў гэтым куточку вуліцы Чарняхоўскага гандлёвы аб’ект спажывецкай кааперацыі, у якім знаходзяцца крама і сталовая “Блюз”. Зялёны газон з непраполатай клумбай ля  будынка, які выглядае, як пасля лёгкай бамбардзіроўкі непрыяцеля, не ўратоўвае ад запусцення і пустэчы (здымак другі).

У такім жа бедным стане на кветкавае і іншае прыгожае афармленне знаходзіцца тэрыторыя вакол Дома быту. Суб’ектаў гаспадарання ў будынку размясцілася, як семак у сланечніку, і кожны, пэўна, спадзяецца на суседа. А памятаецца час, калі вулічныя вазы з кветкамі стаялі нават на тэрасах другога паверха гэтага будынка.

Затрымалася добраўпарадкаванне ў часе вакол адміністрацыйнага будынка аддзела адукацыі. Таму яго новаму  начальніку ёсць,  дзе прымяніць сваё сучаснае бачанне таго, як павінна выглядаць галоўная адукацыйная інстанцыя раёна. Прамаруджваюць з пытаннямі добраўпарадкавання некаторыя іншыя ўстановы. Напрыклад, прыгожы плот ля Таргуноўскай школы, які быў устаноўлены ў час будаўніцтва аграгарадка, зараз ужо ззяе дзіркамі (здымак трэці). Рамантаваць яго, па-ўсяму бачна, пакуль не спяшаюцца. Разам з тым, у суседняй Тумілавіцкай школе стары плот сваімі сіламі заменьваюць на новы, прыгожы з дэкаратыўным афармленнем (здымак чацвёрты). Зрабілі яго самі вучні на ўроках працы разам з настаўнікам Анатолем Млынцом.

Вясна ў разгары, а наперадзе тры летнія месяцы. Ёсць час заявіць пра сябе кожнаму, хто лічыць сябе культурным чалавекам у бытавым плане, сапраўдным гаспадаром, эстэтычна развітай асобай і грамадзянінам сваёй краіны. Горад, раён і ўся Беларусь стануць лепшымі і прыгажэйшымі, калі мы ўсе прыкладзём да гэтага сваё старанне.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *