Ретро-магазин можете посетить в Докшицком районе
Фельетон
Святлана ў Латвію яшчэ ў канцы 80-х паехала, бо замуж за латыша выйшла. Гады ляцелі, і пра палітычныя, эканамічныя і культурныя змены ў жыцці малой радзімы яна даведвалася з пісем і званкоў сяброўкі Наташы. Настальгія ж увесь час давала пра сябе знаць. І напярэдадні залатога юбілею папрасіла свайго Валодзю-Валдзіса зрабіць ёй падарунак – паездку ў дзяцінства. Тым больш, што напышлівыя латышы не праміналі выпадку падкрэсліць: маўляў, вы, беларусы, там яшчэ ў савецкім мінулым жывяце. Вось на сустрэчу з такім мінулым і выправілася Святлана на сваім новенькім кампактным “Пежо”.
Як часта бывае пасля доўгай разлукі з радзімай, радасць, хваляванне, гонар за яе межавалі ў душы з пэўным расчараваннем: “няма таго, што раньш было”. Дух эпохі, на якую прыпала маладосць падарожніцы, знік амаль бясследна, калі і праяўляўся, то толькі ў асобных дэталях. Новы час, новыя павевы, рытмы, вобразы і формы. А так хацелася нейкай цэльнай карціны з мінулага!
Пагасціўшы колькі дзён у сяброўкі ў Докшыцах, Святлана рушыла ў паўднёва-заходнім напрамку – у суседні Мядзел, дзе жыла мужава цётка. І ў апошняй буйной вёсцы раёна, Валкалатах, гучна найменаваных аграгарадком, спынілася ў цэнтры каля крамы, каб купіць бутэлечку мінералкі. Крама была рыхтык з васьмідзясятых гадоў: з аблезлымі рамамі вокнаў, пафарбаванымі, мабыць, падчас устаноўкі, і клумбай з панылымі кветкамі ў тым жа стылі “а-ля-80”, якая асабліва рэтраспектыўна, як зараз модна гаварыць, пазіцыянавала сябе побач з дагледжанай і квітнеючай тэрыторыяй каля Дома культуры. Яшчэ не верачы ў сваё шчасце, Святлана ўсчапіла на нос мацнейшыя акуляры і рушыла ў памяшканне. Скрыпнуўшы дзвярыма, што, мяркуючы па выглядзе, шмат пабачылі на сваім веку, апынулася ўнутры вясковага магазіна і нібыта зрабіла крок у дзяцінства. Дальбог, вітрыны, паліцы, раскладка такія ж!
Стала вывучаць асартымент і між гэтым зрабіла заўвагу бабулі, якая мацала ўжо каторую буханку хлеба.
– Як жа мне, дзетка, не мацаць яго, калі сярод свежых пастаянна трапляюцца і чэрствыя боханы. Я ж тэрміны годнасці не расчытаю, дрэнна бачу, – апраўдалася тая.
“Ага”, – зазначыла ў думках падарожніца, узмацніла “рэзкасць”, прысунуўшы акуляры бліжэй да пераносся, і стала прыглядацца да тавараў. Так і ёсць – знайшліся пратэрмінаваныя і смятана, і ёгурт, а селядзец “Марачок” у вакуумнай упакоўцы сваёй жаўтаватасцю і ўздутай паверхняй той самай упакоўкі, здавалася, каб умеў гаварыць, закрычаў бы: “Не ешце мяне!”. Вітрына з мяснымі і каўбаснымі вырабамі таксама не парадавала вока. Святлана спытала ў адной з вясковак, як часта там абнаўляецца асартымент. Аказалася, тавары прывозяцца два разы на тыдзень і, відавочна, хутка раскупляюцца. У астатнія дні там “жывуць” каўбасы-аксакалы, што, як і людзі з гадамі, пакрываюцца сівізной і маршчынамі. Тут Святлана вырашыла да ліманаду купіць якога-небудзь печыва і непрыемна ўразілася не тое што беднаму – сіроцкаму яго выбару. “Нават у краме майго дзяцінства гатункаў было больш”, – падумала і вырашыла ўзамен прыдбаць што-кольвечы з фруктаў. “Её взору” адкрылася наступная карціна: на паліцы ляжалі два муміфікаваныя апельсіны, якія прыбылі сюды з Грэцыі, мусіць, у мінулым годзе, і здаравейшы на выгляд лімон – у гордай адзіноце. “Ну, можа, яно сабе й так, – разважыла беларуская латышка. – Цяпер сваіх фруктаў ды ягад наспела, хай вяскоўцы агрэст з парэчкамі трэскаюць, вішні са слівамі ўмінаюць – хто раней заморскае бачыў?”
Пайшла ў куток, дзе на паліцах і подыуме месціліся, а яшчэ лепш будзе сказаць – кучкаваліся нехарчовыя тавары. Здаецца, неабходнае і ёсць, а калі прыгледзецца… Шампунь двух відаў, не самы танны. Парфумы і касметыкі – кот наплакаў. Сякі-такі посуд. Фуфайкі, начныя сарочкі, бялізна складзены стосікамі. Як з іх выцягнуць патрэбны памер, разгарнуць, каб паглядзець, і затым гэтак жа акуратна скласці, калі не будзеш купляць? На подыуме сярод каструль, вёдзер, грабляў, бляшанак з такой-сякой фарбай, рознай драбязы – два рулоны выцвілых шпалераў. Выбар ёсць, што тут скажаш. Для аграгарадка – супер!
Святлана рушыла да касы, каб разлічыцца за ваду. Жанчына перад ёю папрасіла паказаць якуюсьці прыправу, а калі вярнула яе назад – ці цана не задаволіла, ці састаў, – прадавец працадзіла праз зубы: “Самі не ведаеце, што вам трэба”. У беларускіх грашах Святлана за некалькі дзён не надта разабралася (чаго здзіўляцца – беларусы самі за год не змаглі да капеек прывыкнуць), таму за пакупку працягнула прадаўшчыцы пяць рублёў. “А дробязі ў вас няма?” – спытала тая. Дробныя грошы былі, але Святлана хацела павезці іх у Латвію, каб паказаць сям’і і сябрам. “Ёсць, я ж бачу”, – прадоўжыла прадаўшчыца, заглядваючы ў Святланін кашалёк, і, да вялікага здзіўлення жанчыны, выграбла адтуль манеткі, адлічыла некалькі, астатнія сыпанула назад. Ашаломленая кабета выйшла з крамы ў роздуме пра тое, колькі дзён пры такіх адносінах да кліентаў змагла б пратрымацца на рабоце прадавец у Латвіі. Ды і ў прыватных крамах і тут, у Беларусі. А вось у дзяржаўных, на перыферыі, аказваецца, можна.
У старэнькай жанчыны, што тупала паціху па нейкіх сваіх справах, Святлана Іванаўна запытала, як жывецца вяскоўцам пры такім асартыменце тавараў і абслугоўванні.
– Нічога, нядрэнна жывём, – бадзёра адказала тая. – Маладзейшыя на машынах даедуць у Докшыцы, Мядзел, яшчэ куды-небудзь, у еўраопце закупяцца. А нам, старым, ці многа трэба? У нядзелю прыватнікі прыязджаюць са сваімі палатачкамі, дык мы там купляем: і цукеркі свежыя, і пячэнне, і садавіну-гародніну, макароны-крупы, адзенне такое-сякое, дробязі гаспадарчыя. Усяго поўна! А такія ж прыемныя людзі! Так ласкава абыходзяцца! Ты толькі да палаткі, а табе ўжо: “Сёння вашых любімых карамелек прывезлі, спецыяльна заказалі”. Прыемна, што гаварыць. І ніколі не аблічваюць, як у магазіне, дарэчы. Добра жывём, міленькая.
“Эх, не зусім радаснай атрымалася сустрэча з мінулым…”, – разважала Святлана пад роўны гул матора аўтамабіля. Праносіліся міма, заставаліся ззаду вясковыя краявіды. Праз пару дзён яна вернецца ў звыклае для сябе асяроддзе з еўрапейскім узроўнем жыцця. Колькі ж яшчэ яе землякам, цудоўным, харошым людзям, жыць у гэтым “саўковым” мінулым? Мяркуючы па тэмпах, з якімі ўкараняецца тут культура абслугоўвання, да скону.
Янка ЗАПЫТАНКА.
План тавараабароту за першае паўгоддзе ў краме тавараў паўсядзённага попыту агр. Валкалата Докшыцкага райста выкананы на 93 працэнты. Тэмп росту да адпаведнага перыяду мінулага года ў супастаўных цэнах склаў 96,7 працэнта.