Девочка из Порплищ увлекается фотографированием
Шчырая ўсмешка і шчодрая дабрыня – найлепшыя сяброўкі парплішчанкі Кацярыны Зубаравай (на здымку). Яе шматлікія сябры сцвярджаюць, што побач з дзяўчынай проста немагчыма быць у дрэнным настроі, бо яе душэўнай цеплыні і любові, здаецца, хопіць на ўсё і на ўсіх.
Напэўна, галоўнай крыніцай дабрадзействаў Кацярыны можна лічыць яе шматлікія творчыя захапленні. Яна выдатна малюе, стварае незвычайныя вырабы са стужак у тэхніцы “канзашы”, шые забаўныя цацкі з фетру, фатаграфуе і інш.
Бачыць прыгажосць ва ўсім і ўмець ёю дзяліцца з бліжнім Каця навучылася ў сям’і. Яе бацькі – надзеленыя талентам людзі, творчасць якіх вядома, напэўна, ці не кожнаму парплішчаніну. Бацька Алег Уладзіміравіч – мясцовы майстар па лозапляценні, які самастойна засвоіў гэтую тэхніку і навучыўся плесці не толькі кошыкі і талеркі, але і мэблю. Маці Людміла Ігнацьеўна выкладае працоўнае навучанне ў школе. Яна пастаянна цікавіцца навінкамі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і з задавальненнем дзеліцца здабыткамі і з вучнямі, і з дачкой.
– Творчыя здольнасці бацьку перадаліся ад яго маці Маргарыты, – дзеліцца Каця. – Мая бабулечка вельмі прыгожа малюе, стварае цудоўныя карціны ў тэхніцы “квілінг” і нават піша вершы. Яе часта запрашаюць на класныя гадзіны ў школу, на якіх яна дзеліцца сваім майстэрствам з малодшым пакаленнем. Ладзіць бабуля і асабістыя выставы на вясковых святах. Нядаўна тата навучыў яе лозапляценню, і цяпер яны разам ствараюць непаўторныя работы.
– Усё, за што ні возьмецца Каця, расцвітае, – кажуць сябры. – А яшчэ яна вельмі любіць здзіўляць прыемнымі сюрпрызамі ў выглядзе падарункаў, зробленых сваімі рукамі.
Аднак самым любімым захапленнем Кацярына лічыць фатаграфаванне. Першыя здымкі яна рабіла ў школьным гуртку кветкаводства: у мясцовым дэндрапарку фатаграфавала птушак, якіх, дарэчы, не так і лёгка злавіць у кадр. Звярнуўшы ўвагу на тое, што ў юнай фотамастачкі ўсё атрымліваецца, бацькі падарылі ёй добры фотаапарат. Цяпер Каця ловіць цікавыя моманты не толькі ў навакольным асяроддзі: у яе фотагалерэі шмат прыгожых здымкаў сяброў, аднакласнікаў і проста знаёмых.
Сёлета Каця Зубарава перайшла ў дзясяты клас, а таму галоўнай задачай на бліжэйшыя гады лічыць добрую вучобу і паступленне ў ВНУ.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.