В районной больнице г. Докшицы можно воспользоваться косметическими процедурами
У фізіятэрапеўтычным аддзяленні ЦРБ з нядаўняга часу з’явілася магчымасць атрымаць касметычныя паслугі: масаж твару і чыстку скуры. У далейшым, калі кабінет перамесціцца ў новы будынак стаматалагічнай паліклінікі, плануецца заняцца хімічным пілінгам і ўсім іншым, што тычыцца догляду за скурай.
Даручылі новую справу медыцынскай сястры Жанне Бялюк (на здымку). Яна мае ўжо багаты стаж і вопыт работы масажыста. Некалькі гадоў Жанна Аляксандраўна працавала ў санаторыі “Баравое”, дзе ўдасканальвала свае навыкі пасля папярэдняга навучання на спецыялізаваных курсах па масажы і касметалогіі. За дзень ёй даводзіцца абслугоўваць 12-13 пацыентаў, сярод якіх 3-4 чалавекі прыходзяць менавіта на касметычныя працэдуры.
– Сачыць за сабой, падтрымліваць прыгажосць – гэта не раскоша сучаснасці, як, магчыма, думаюць некаторыя. У цывілізаваным свеце гэта нармальная з’ява, і, прычым, даволі запатрабаваная, – гаворыць масажыст. – Трэба толькі навучыцца любіць сябе, умець прысвячаць сабе час і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Зразумела, што нікому не хочацца старэць, аднак гэта непазбежны працэс, і старасць павінна надыходзіць прыгожа.
На касметычную працэдуру адводзіцца паўгадзіны. Масажыст сама раіць, колькі сеансаў неабходна пацыенту. Звычайна патрабуецца ад пяці да дзесяці наведванняў. Праводзіць падобныя працэдуры спецыяліст прапануе два разы на год. Карыстацца згаданымі паслугамі рэкамендавана ва ўзросце ад 25-ці гадоў, хаця пры праблемнай скуры твару па касметычную дапамогу можна звярнуцца і ў падлеткавым узросце.
– Кошт паслугі даволі прымальны, – зазначыла Жанна Аляксандраўна. – У рабоце карыстаюся пераважна беларускімі касметычнымі сродкамі “Беліта”, якія станоўча сябе зарэкамендавалі і па грашах даступныя. А жанчынам, ды і мужчынам таксама, жадаю адважыцца і прыйсці да нас па прыгажосць.
Тэкст і фота
Ірыны Несцяронак.