В Парафьяново Докшицкого района скоро будет церковь

Гэтай сваёй светлай радасцю падзяліліся з рэдакцыяй раённай газеты праваслаўныя вернікі аграгарадка Параф’янава. Размесціцца храм у будынку, дзе гады чатыры таму была нядзельная школа, перад гэтым – бібліятэка, а яшчэ раней – аддзяленне сувязі. Будуюць храм людзі самі, арганізоўваюць суботнікі, ахвяруюць на святую справу ўласныя грашовыя сродкі. Прычым ахвяраванні складаюць не толькі праваслаўныя вернікі, але і католікі, бо Бог, як кажуць яны, у нас адзін. Аднак толькі сваімі сіламі людзям было б немагчыма справіцца з такой вялікай і адказнай работай. Як паведамляюць яны ў дасланым у рэдакцыю пісьме, іх у гэтай справе вельмі падтрымлівае як маральна, так і матэрыяльна, мясцовая ўлада ў асобе старшыні Параф’янаўскага сельвыканкама Галіны Іванаўны Азарэвіч. І гэта падтрымка, пэўна, самая важная, бо не ўсе адразу верылі, што з гэтай задумы можа штосьці атрымацца. Асобныя сумняваліся ў яе ажыццяўленні. Таксама вялікую дапамогу аказваюць кіраўнікі мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства і асобных раённых арганізацый. Гэта М.І. Шульгат, В.М. Васюковіч, А.В. Сіўко, В.В. Няспляк. “Да ўсіх нашых просьбаў аб дапамозе яны аднесліся з разуменнем і аказалі садзейнічанне ў будаўніцтве царквы”, – гаворыцца ў пісьме.

Супрацоўнікам рэдакцыі выпала пабыць на месцы будаўніцтва царквы, якая будзе насіць імя вялікамучаніка цаліцеля Панцелеймона, і зрабіць вось гэты здымак. На сённяшні дзень храм ужо мае дах, устаноўлены адзін купал, хутка будзе дастаўлены другі. Вядуцца ўнутраныя работы, а таксама добраўпарадкоўваецца тэрыторыя, ставіцца агароджа. Як сцвярджаюць вернікі, праз нейкі месяц гатоўнасць будынка будзе на 80 працэнтаў. Пасля правядзення ў наступным годзе малярных работ прыхаджане змогуць наведваць храм.

Анна ЖОЎТКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *