Оригинальный подарок к Новому году появился в 3-м классе СШ №2 г. Докшицы
Да самага галоўнага зімовага свята застаецца крыху больш за два тыдні. І пакуль надвор’е капрызіцца і шкадуе прысыпаць дарогі сняжком, накінуць бялюткія шапкі на дрэвы, дзеці і дарослыя выкарыстоўваюць усю сваю фантазію і ўменне, каб навагодняе свята адчувалася не толькі дома, але і ў школе. Вельмі арыгінальна падышлі да гэтага ў 3 “Б” класе СШ № 2 г. Докшыцы. Мама Мацвея Панова Вікторыя Віктараўна не адзін вечар прысвяціла таму, каб у класе з’явілася такая цудоўная кампазіцыя, якую вы бачыце на здымку. Зразумела, для гэтага патрэбны творчы пачатак, майстравітыя рукі, уседлівасць і цярпенне. Але вынік гэтага каштуе. Дзякуючы Вікторыі, на сценах “затанцавалі” маленькія снегавічкі, тварыкі якіх – гэта фотаздымкі вучняў: дзяўчынкі ў ружовых шаліках, а хлопчыкі – у блакітных. Звычайныя дзверы ў класе ператварыліся ў вялікага Снегавіка. Вокны ўпрыгожылі шыкоўныя выцінанкі з казачным сюжэтам. Незвычайная навагодняя кампазіцыя зроблена, дарэчы, са звычайнага ўпаковачнага матэрыялу і сурвэтак. Побач з ёю прымасціўся і сімвал надыходзячага года Сабака са сваім любімым ласункам – костачкай. Дзеці такому падарунку вельмі рады і не стамляюцца рабіць на фоне яго памятныя сэлфі.
Магчыма, і ў іншых установах адукацыі, а таксама арганізацыях ужо з’явіліся незвычайныя навагоднія ўпрыгажэнні. Чакаем вашых паведамленняў па тэлефоне 2-18-08, або на адрас электроннай пошты rodvitoki@yandex.ru.
Тэкст і фота Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.