У Чачуках Докшыцкага раёна працуюць комплексна

Прыбаўка ў надоях малака на МТФ “Чачукі” ДП “Порплішча” пайшла пасля таго, як выгналі кароў на пашу. За паўгоддзе ад кожнай каровы надаілі ў сярэднім па 2500 кілаграмаў малака, на 210 кілаграмаў больш, чым было ў адпаведным перыядзе летась. Значыць, надой у 5 тысяч кілаграмаў за год даяркі гэтай фермы ўжо забяспечылі.

– На нарыхтоўку кармоў на зімняе стойлавае ўтрыманне жывёлы ў апошнія гады звяртаецца асаблівая ўвага, іх было ўдосталь і летась, – гаворыць галоўны заатэхнік дзяржпрадпрыемства Жанна Баравінец. – Статак выйшаў з зімоўкі ў добрым стане, а далейшаму павелічэнню надояў паспрыялі шматкампанентныя пашы. Іх плошча з году ў год паступова расце. Летась, напрыклад, павялічылася на 60 гектараў. Многае залежыць і ад даглядчыкаў. Імі працуюць два Уладзіміры – Кулай і Шарох, а таксама Сцяпан Шарох і Віктар Лаўцэвіч. Хлопцы адказныя, працавітыя. Кароў пераганяюць у новы загон без затрымкі, пасля паядання імі травы. Заўсёды на пашы ёсць вада і соль, патака і мел. На адзін літр надоенага малака даём па 300 грамаў канцэнтратаў.

На МТФ “Чачукі” працуюць дзве асноўныя даяркі і адна падменная. Сярод іх лідар мінулагодніх спаборніцтваў — 8-тысячніца Зоя Кулай. Мы сустрэліся з калектывам фермы на полі каля аднайменнай вёскі. Ішла абедзенная дойка. Размерана гудзеў матор перасоўнай даільнай устаноўкі.

– Спякота, авадні, канечне, ствараюць пэўныя цяжкасці ў рабоце, – гаворыць перадавая даярка, – аднак на гэта мы ўвагі не звяртаем. Нам неабходна якасна падаіць кароў і здаць малако найвышэйшым класам. Зараз атрымліваем ад каровы каля 16 кілаграмаў у дзень, нягледзячы на вялікую гарачыню, якая адмоўна адлюстроўваецца на надоях. У нас своечасова праводзіцца асемяненне кароў, лячэнне гінекалагічна хворых. Гэтым займаюцца Людміла Шылко і Юрый Курган. Ля статка яны бываюць штодзённа, не пакідаюць без увагі ніводнай нашай заўвагі.

У ДП “Порплішча” адначасова з неадкладнымі палявымі работамі ідзе падрыхтоўка жывёлагадоўчых памяшканняў да зімы. Цялятнік, які 5 гадоў стаяў у закінутым стане, зараз сіламі мясцовых рабочых рэканструяваны і практычна гатовы для прыняцця цялушак на дарошчванне. Засталося толькі абсталяваць пляцоўку для выгулу жывёлы.

У стадыі завяршэння знаходзіцца падрыхтоўка памяшкання для ўтрымання дойнага статка. Яно ачышчана ад гною,  пабелена і прадэзінфікавана. Адрамантаваны дзверы і вокны. Зараз заліваюць пляцоўку пад шведскі стол і наводзяць прыгажосць.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ: 1. Пастухі Уладзімір Шарох і Эдуард Баравінец, у цэнтры – аператары машыннага даення Тамара Грыга і Зоя Кулай.
2. Кожны год на падрыхтоўцы ферм да зімы працуюць работнікі канторы і даяркі (злева направа) Марына Вайцяшонак, Раіса Рачыцкая, Людміла Стадольнік і Жанна Баравінец.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *