Збажына просіць сонца, а лён — дажджу, густых туманаў і буйных рос
КУП “Докшыцкі” – тая гаспадарка, дзе звычайна сеюць пазней за іншых, бо землі на яе тэрыторыі цяжкія, суглінкавыя. Сёлетняя кампанія адрозніваецца ад папярэдніх: у гаспадарцы ўжо ўбралі чацвёртую частку ад пасеянага. Адразу з’явіліся і лідары. У раённым спаборніцтве, якое падводзіцца па пяцідзёнках, пераможцамі першай сталі экіпаж камбайнераў у складзе Сяргея Таляронка і Аляксандра Кундры і вадзіцеля Аляксандра Палачаніна, якіх вы бачыце на здымку.
– Працаваў як звычайна, – сказаў пры сустрэчы Сяргей. – Камбайн не стары, рамонту не патрабуе, а поле – гэта маё. Я тут сеяў авёс, а зараз убіраю. Дарэчы мой памочнік Саша вясной падвозіў насенне да майго прычапнога агрэгата, а цяпер дапамагае жаць. Працуем і радуемся жыццю.
– Мая машына – адна з тых у раёне, якая і цяпер працуе на завадскім маторы, – з гонарам гаворыць вадзіцель Аляксандр Палачанін. – Мабыць, проста ўдачная. Да жніва я каляшу на далёкіх рэйсах, а на палях задзейнічаны толькі ў час уборкі. Вазіць збажыну вельмі люблю. Адчуваю сваю значнасць у такой важнай справе, як вырошчванне хлеба.
Павіншаваць пераможцаў жніва за першую пяцідзёнку прыехалі старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Н.П. Бортнік і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.У. Грыцкевіч. Хлеб – гэта жыццё. Важней і каштоўней за яго няма нічога.
япер мала сказаць, што
наступіла гарачая пара. Зараз вяскоўцам трэба ўмудрыцца, каб паспець убраць збожжавыя, якія патрабуюць сухога надвор’я, сонца і выцерабіць лён, каб палажыць яго пад жнівеньскія росы, у туман. Тры гаспадаркі раёна займаюцца вырошчваннем льну-даўгунцу. І ён сёлета апраўдвае сваю другую назву: сапраўды доўгі, роўны. Да яго цераблення прыступілі практычна ўсе гаспадаркі адначасова. Праўда, тэмп работ у іх розны. Напрыклад, па стане на 2 жніўня ў ААТ “Барсучанка” быў вырваны і разасланы лён на 20 гектарах, а гэта 14,3 працэнта ад агульнай плошчы. У ААТ “Таргуны” расцяліўся паўночны шоўк на 18-гектарнай плошчы. Найбольшымі ж тэмпамі вядуць работы на льняных палях у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Тут на вышэй названую дату лён выцерабілі на 72 гектарах.
Лён любіць паклон – сцвярджае народная мудрасць. Працаваць з гэтай культурай дастаткова складана. Хаця з савецкіх часоў памятаецца і іншае выказванне: “Лён дае мільён”. Значыць, і пакланіцца, і папацець над ім варта. Як бы ні стараліся механізаваць працэс вырошчвання льну, на ўборцы ёсць і ручная праца. Хаця названыя гаспадаркі раёна маюць 9 льнокамбайнаў і адну льноцерабілку, якую набыў райаграсэрвіс. Льнаводы спяшаюцца, стараюцца правесці церабленне ў сціслыя тэрміны: да 10 жніўня.
– Лён цярэбяць і расцілаюць стужкай па зямлі для таго, каб пад уздзеяннем натуральнай вільгаці на ім пачалі развівацца грыбкі, якія бураць пяктыўныя рэчывы, што злучаюць валакно з драўнінай сцябла, – тлумачыць намеснік начальніка райсельгасхарчу Людміла Бальчэўская. – У выніку з ільносаломкі атрымліваецца траста, якая ідзе на перапрацоўку на льнозаводы, а ў залежнасці ад яе якасці гаспадарка мае адпаведны прыбытак.
Ва ўрочышчы Харошая Ель ААТ “Барсучанка” працавалі два экіпажы ў складзе Анатоля Дука і Васіля Пруднікава. Тут жа сустрэліся і з галоўным аграномам Андрэем Альхімёнкам.
– Цешыць нас лён сёлета, – распачаў размову аграном. – Пасеялі яго на 140 гектарах. У асноўным – насеннем французскай селекцыі, на якое абмяняліся з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Летась яны папрацавалі на славу і сабралі са сваіх палёў добры насенны матэрыял. Сёлета мы плануем зрабіць тое ж самае.
Правільна падабраныя папярэднікі, унясенне патрэбнай колькасці ўгнаенняў і хімпраполка зрабілі сваю справу: лён паўсюдна вырас удалы. Цяпер трэба давесці яго да ладу і прадаць з найвышэйшым класам якасці. А тады будуць грошы на выплату зарплаты, іншыя гаспадарчыя расходы.