Праздник Успения Пресвятой Богородицы в Докшицах в Свято-Покровской церкви

28 жніўня праваслаўная царква адзначыла Прачыстую. У народзе гэта свята яшчэ называюць Спажа. Яно прысвечана ўспаміну пра смерць Божай Маці. Паводле царкоўнага сказу, у гэты дзень апосталы, якія прапаведавалі ў розных краінах, сабраліся ў Іерусаліме, каб развітацца з Божай Маці і пахаваць яе.

Розныя паведамленні аб апошніх днях Багародзіцы абагульніў у 14 стагоддзі царкоўны гісторык Нікіфар Каліст. Дзякуючы яму, мы сёння ведаем, што перад сваімі апошнімі днямі Маці Божая жыла ў Іерусаліме, наведвала для малітваў Галгофу і гроб Госпада. Аднойчы ў час малітвы да яе з’явіўся архангел Гаўрыіл, які паведаміў, што праз тры дні яна “адойдзе да Хрыста Бога”.

– Сын Твой і Бог наш, – сказаў ён, – з архангеламі і серафімамі, са сваімі нябеснымі духамі і душамі праведных прыме Цябе, Маці Сваю ў нябеснае царства, каб ты там жыла і царствавала з Ім бясконца.

Затым ён уручыў Багародзіцы галінку райскага дрэва (фінікавай пальмы) і загадаў, каб яе  неслі  над дамавінай у час пахавання. Царкоўныя гісторыкі пішуць, што пражыла Багародзіца прыкладна каля 72 год і памерла ў 57-м годзе ад Нараджэння Хрыстова. Пахавалі яе ў грабніцы, дзе знайшлі спакой яе бацькі Іаакім і Ганна, а таксама муж Іосіф Абручнік.

У той час, калі яе хавалі не было апостала Фамы. Ён прыйшоў у Іерусалім на трэці дзень і па яго просьбе грабніцу адкрылі, каб ён мог развітацца з Маці Божай. Але цела там не аказалася. Засталіся толькі пялёны, у якіх хавалі Багародзіцу. Яны распаўсюджвалі вакол прыемны пах. Тады ўсе сталі маліцца Богу, каб ён адкрыў ім, куды знікла Багародзіца.

У той жа дзень вечарам яна з’явілася апосталам у акружэнні анёлаў і прывітала іх словамі: “Радуйцеся, бо я з вамі буду ва ўсе дні…”

 Здаўна на Спажу ў Докшыцах быў кірмаш. Сюды з’язджаліся вернікі з іншых прыходаў, маліліся ў храме, хадзілі Хрэсным ходам, а потым, накупіўшы гасцінцаў, ішлі “палудняваць” да родных і знаёмых, якія жылі ў горадзе. Сёлета адчуць Дух Маці Божай, папрасіць яе аб заступніцтве на Прачыстую, нягледзячы на тое, што дзень быў працоўны, сабралася даволі шмат вернікаў (здымак першы). Дзіўна, але і зараз, хаця паліцы крам ломяцца ад цукерак, неверагоднай папулярнасцю карыстаюцца самаробныя салодкія прысмакі, якія прадаюцца ў святы каля храмаў. Іх абавязкова набываюць бабулі сваім унукам (здымак другі).

Прайшла Прачыстая – і лету канец. Наступнае вялікае свята, прысвечанае Маці Божай, будзе адзначацца ўжо восенню.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *