14 год — прад’яві пашпарт
З 9 жніўня пашпарт абавязаны мець кожны грамадзянін РБ, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту. А ў выпадку выезду за межы Рэспублікі Беларусь пашпарт афармляецца дзіцяці ў абавязковым парадку, незалежна ад яго ўзросту.
Звяртаем увагу тых бацькоў, дзецям якіх раней ужо былі аформлены пашпарты для выезду за мяжу. Калі тэрмін дзеяння пашпарта не скончыўся, па такім дакуменце можна выязджаць за мяжу да заканчэння тэрміну яго дзеяння, пры ўмове, што фатаграфія ў пашпарце дзіцяці адпавядае яго ўзросту.
Каб аформіць пашпарт непаўналетняму, які дасягнуў 14 гадоў, яму неабходна асабіста падаць у падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі альбо сельскі (пасялковы) выканаўчы камітэт пасведчанне аб нараджэнні, 4 фотаздымкі, якія адпавядаюць узросту, памерам 40/50 мм, і запоўніць заяву. У выпадку, калі пашпарт неабходна аформіць дзіцяці, якое не дасягнула 14 гадоў, то ўсё вышэй пералічанае неабходна прадставіць аднаму з законных прадстаўнікоў (бацьку ці маці, апекуну) непаўналетняга.
Дзецям, якія не дасягнулі 13-гадовага ўзросту, пашпарт будзе выдадзены на 5 гадоў, але не даўжэй, чым да дасягнення імі 14-гадовага ўзросту, а тым, каму споўнілася 13 год – на 10 гадоў.
Дзецям, якім не споўнілася 14 год, пашпарт выдаецца бясплатна, а тым, хто ўжо дасягнуў гэтага ўзросту, неабходна заплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры 0,5 базавай велічыні.
Тэрмін афармлення пашпарта — 1 месяц. Але атрымаць яго магчыма і ў больш кароткі тэрмін – на працягу 15 дзён, але ў такім выпадку неабходна зрабіць дадатковую аплату ў памеры 0,5 базавай велічыні.
Па гэтых і іншых пытаннях звяртайцеся ў групу па грамадзянстве і міграцыі Докшыцкага РАУС: панядзелак, чацвер – з 8.00 да 13.00; аўторак, пятніца – з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00; серада – з 11.00 да 15.00 і з 16.00 да 20.00; субота – з 9.00 да 13.00. Па тэлефоне 2-14-32 можна атрымаць кансультацыю ці папярэдне запісацца на прыём.