Искусственные цветы: дань памяти или последствия удачного маркетинга?

bez-imeni-1Цэнтр экалагічных даследаванняў напярэдадні Вялікадня і Радуніцы заклікае адмовіцца ад штучных кветак. Такое паведамленне размешчана на афіцыйным сайце абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
І падставы для гэтага самыя што ні на ёсць абгрунтаваныя. Штогод на могілкак Беларусі аказваецца каля аднаго мільёна штучных кветак, а гэта прыкладна 10 тон пластыка, на якія беларусы ў агульнай суме выдаткоўваюць каля аднаго мільёна рублёў.
А вось што думаюць наконт гэтага нашы чытачы:

Валянціна, 61 год:
– Лічу, што “мода” на штучныя кветкі, якія букетамі нясуць на пагост, удалы маркетынгавы ход іх прадаўцоў. Наколькі ведаю, нічога родаснага з хрысціянскімі традыцыямі яна не мае. Гэта спосаб гандляроў нажыцца на чалавечых пачуццях. Я параўнала: у мінулым годзе можна было знайсці невялікую кветачку за 30 капеек, сёлета самая танная ўжо ад рубля і вышэй. А вось пакласці жывыя кветкі ці пасадзіць будзе правільна. Да таго ж, я супраць таго, калі часам родныя садзяць на месцы спачыну сваякоў дрэвы. Ці думаюць яны пра тое, што праз некаторы час карані разрастуцца і пачнуць разбураць пахаванні, а потым дрэвы прыйдзецца наогул спілоўваць.
Марыя, 30 гадоў:
– Поўнасцю згодна з меркаваннямі эколагаў і на могілкі стараюся прыносіць жывыя кветкі.
Наталля, 46 гадоў:
– Памятаю, што яшчэ з дзесяць гадоў таму штучныя букеты многія ставілі ў вазы ў якасці ўпрыгажэння. Да іх не адносіліся толькі як да жалобных. Разумею ўсё пра шкоду, але памятаю наказы бабулі, якая прасіла прыносіць ёй рознакаляровыя букеты штучных кветак. Чалавек ваеннага пакалення, нічога надта добрага не бачыў у жыцці, шчыра лічыў, што гэта шыкоўна. Таму я ўсё роўна пайду набываць такі букецік.
Настасся, 31 год:
– Не люблю штучныя кветкі. Аднак ёсць і такі стэрэатып: як гэта я не прынясу на могілкі стракаты букет, калі ўсе астатнія пахаванні ўпрыгожаны імі. Што людзі скажуць? Гэта з той жа оперы, калі на імяніны нясуць дзяжурныя ружы з крамы, быццам бы гэта больш шыкоўна, хаця ў сваім гародчыку растуць кветкі.
Надзея, 23 гады:
– Гэта выдатная альтэрнатыва, толькі ці рэальна яе “прасунуць у масы”, не ведаю. Разважаю выключна як тэарэтык.
Таццяна, 37 гадоў:
– Я за жывыя кветкі. Але многія думаюць, што штучныя каштуюць танней, вось і купляюць іх.
Кампетэнтна: пра шкоду штучных кветак для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека расказвае кіраўнік праграмы па экалагічна-сяброўскім ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар’я Чумакова:
– Як правіла, такія кветкі выраблены са штучных матэрыялаў. Пялёсткі – гэта сінтэтычныя тканіны, напрыклад, поліэстэр, латэкс, арганза, якія апрацоўваюцца рознымі хімічнымі саставамі, каб надаць ім пластычнасць і стойкасць. Пры афарбоўцы ў ход ідуць анілінавыя фарбы – таксічныя злучэнні, якія могуць негатыўна ўплываць на здароўе, выклікаць галаўны боль, слабасць. Сцябло, бутон і іншы дэкор у асноўным вырабляецца з пластыку, часам у ход ідзе пенапласт, які пры награванні (напрыклад, ад сонца) можа выдзяляць канцэрагеннае рэчыва – сцірол.
Штучныя пахавальныя ўпрыгажэнні рана ці позна апынуцца на звалцы, дзе будуць працягваць выдзяляць таксічныя рэчывы, тым самым забруджваючы глебу, паветра і грунтовыя воды. Пры іх спальванні ў навакольнае асяроддзе выдзяляюцца цяжкія металы і дыаксіны. Перапрацоўцы штучныя кветкі не падвяргаюца, бо дакладна не ўстановіш тып пластыку для граматнай сартыроўкі адкідаў, а таксама яны ўтрымліваюць шмат пабочных матэрыялаў, якія цяжка раздзяліць.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *