Докшицкий врач прошла курс спелеолечения в Солигорске
У Салігорску ёсць унікальная бальніца, якая выкарыстоўвае гаючыя ўласцівасці нашай зямлі.
На ўскрайку горада, у сасновым лесе, знаходзіцца наземны сучасны корпус Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння на 120 месцаў. Унікальная па сваім прызначэнні і адзіная ў рэспубліцы спецыфічная лячэбная ўстанова карыстаецца вялікім аўтарытэтам у Беларусі і іншых замежных краін. Тут лечаць людзей з хворымі органамі дыхання, пераважна алергічнай накіраванасці.
Прайшла курс лячэння ў Салігорску і ўрач-педыятр Докшыцкай ЦРБ Святлана Шохава, якая завітала ў рэдакцыю, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі. Яна расказвае:
– У наземным корпусе бальніцы пацыенты праходзяць аздараўленчыя працэдуры. Ёсць водалячэбніца, інгаляторый, электрапрацэдурны кабінет, зала лячэбнай фізкультуры, дзе праводзяць з пацыентамі спецыяльную дыхальную гімнастыку з элементамі ёгі і тыбецкай медыцыны. Усё пералічанае з’яўляецца пачаткам асноўнага лячэння, якое працягваецца пад зямлёй, на глыбіні 420 метраў. Пацыенты атрымліваюць шахцёрскую форму і ў суправаджэнні горных спецыялістаў на аўтобусе накіроўваюцца ў першае рудаўпраўленне, дзе знаходзіцца спелеалячэбніца. Пару хвілін спуску – і мы ўжо пад зямлёй. Адразу падалося, што апынуліся на залітай сонечным святлом вуліцы, па краях якой адходзіць 40 нішаў. Менавіта ў іх і размешчаны палаты. Адны з іх знаходзяцца ў калійным пласце, другія – у масіве каменнай солі. Каля шасці гадзін пацыенты прымаюць салявыя працэдуры.
Спелеалячэнне ў спалучэнні з традыцыйнымі і нетрадыцыйнымі яго метадамі, рэабілітацыяй на прыродзе сярод хваёвага лесу, бярозавага гаю, вадасховішча забяспечвае тэрапеўтычны эфект і паўнацэнны адпачынак, здымае стрэс, напружанне, дэпрэсію.
Да паслуг пацыентаў прадстаўлена 3 тысячы кніг, арганізоўваюцца экскурсіі па замках нашай краіны, па Салігорску з наведваннем музея Шахцёрскай Славы, паездкі ў Жыровіцкі манастыр, Хатынь і г.д.
Я вельмі задаволена тым, што прайшла лячэнне ў спецыялізаванай установе, якая мае вопыт работы 20 гадоў. Адчуваць сябе стала лепш.
– А як туды можна трапіць?
– Каб атрымаць магчымасць палячыцца найноўшым метадам, трэба звярнуцца ў паліклініку да тэрапеўта. Ён піша накіраванасць ва ўрачэбна-кансультацыйную камісію, у якой выкладае неабходнасць у спелеалячэнні. Чарга на лячэнне ў Салігорску доўжыцца на працягу года. Пуцёўку за ўласныя сродкі можна набыць значна хутчэй.
Запісала Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. “Там внизу, в подземном царстве, уникальное лекарство…” 2. Святлана Шохава перад спускам у шахту.
Фота з уласнага архіва.