Семья Корсак из Докшицкого района успешно ведёт собственное хозяйство
Ад людзей старэйшага пакалення нярэдка даводзіцца чуць папрокі ў адрас маладых. Маўляў, самі вясковыя, а жывуць, як у горадзе: ні ў іх жывёлы, ні агарода. Можа ёсць і такія. Але ў час сустрэчы з сям’ёй Корсакаў, што ў вёсцы Бярозаўка, убачылі зусім адваротнае. Сяргей і Марына (на здымку) абзавяліся ўласнай гаспадаркай адразу, як толькі пажаніліся. Марыне тады было 20 год, Сяргею – 24. Малады муж прывёў жонку ў бацькоўскую – звычайную вясковую хату. А сёння яе не пазнаць: гаспадар сваімі рукамі капітальна адрамантаваў хаціну, ператварыў яе ў дабротны дом. У ім, як і ў гарадской кватэры, асобныя пакоі, ванная, туалет. Новыя сучасныя вокны, дзверы. Заменена падлога, абноўлена столь. Парадак і ля дома: двор, які яшчэ зусім нядаўна патанаў у кветках, чыста вымецены, агарод пераараны. Тут жа лазня, гараж для ўласнай аўтамашыны, іншыя гаспадарчыя пабудовы – усё пацвярджае спраўнасць вясковых гаспадароў.
Ёсць у Сяргея Уладзіміравіча і асноўны занятак – гэта праца вадзіцелем пажарнай аўтамашыны. Але толькі ім ён не абмяжоўваецца. Свае выхадныя дні, якія чаргуюцца з дзяжурствам на пункце супрацьпажарнай аховы, ён аддае рабоце на зямельным участку, лічыць, што гэта больш мужчынская справа. Яно і зразумела: участак немалы, больш чым гектарную плошчу займае. Корсакі вырошчваюць на ім бульбу, збожжавыя, агародніну і нават траву на сена для дзвюх сваіх кароў. Хаця маглі б атрымаць і гатовыя рулоны з мясцовай сельгасарганізацыі, бо малаком дзеляцца з дзяржавай– летам прадаюць па 40 – 45 літраў штодзённа, цяпер – па 15 – 20. Ды яшчэ штогод па двое цялят здаюць у гаспадарку. Аднак і муж, і жонка аддаюць перавагу ўсяму таму, што зроблена іх уласнай працай.
– У мяне свой трактар, – гаворыць Сяргей, – усе агрэгаты да яго: прычэп, плуг, акучнік, культыватар – самаробныя, я іх сам зрабіў і ўпэўнены, што яны надзейныя. Уся работа на ўчастку ў нас механізавана. Сена таксама трактарам нарыхтоўваем.
Сёлета бульбы з 50 сотак накапалі 14 тон, а летась было 16. Ад рэалізацыі прадукцыі маладыя рупліўцы маюць адчувальны прыбытак у сямейны бюджэт. У пакоі, куды нас гасцінна запрасіла гаспадыня, адразу кінуўся ў вочы сучасны плазмавы тэлевізар.
– Гэта мы зрабілі сабе падарунак да новага года, – усміхаецца Сяргей. – Прадалі бульбу і купілі тэлевізар.
Аднак асноўны клопат Корсакаў-бацькоў, як яны самі сцвярджаюць, гэта іх дзеці: дачушкі Алена і Надзя. Дзеля іх яны жывуць, дзеля іх стараюцца працаваць, каб мець усё неабходнае. Даць дзецям добрую адукацыю, вывесці іх на жыццёвую дарогу – гэта святы абавязак, лічаць Корсакі. Дочкі апраўдваюць надзеі бацькоў. Старэйшая Алена закончыла школу з залатым медалём і паступіла ў медінстытут, вучыцца ўжо на другім курсе. Малодшая Надзя – пакуль школьніца, таксама разумніца. На пытанне, ці з’яўляюцца дочкі памочніцамі ў гаспадарцы, іх бацька адказаў так:
– У кожнага павінен быць свой занятак: у нас – праца, у іх – вучоба. Зімой, калі дзеці вучацца, мы не нагружаем іх работай.
– А летам і ім хапае: агарод прапалоць, кароў з пашы пераняць, сена падварушыць, іншы раз і свіней накарміць, – дапаўняе мужа Марына.
Што ў сям’і пануюць згода і шчырыя адносіны, бачна адразу. Такі, здавалася б, просценькі прыклад. У той дзень Сяргей, аборваючы ўчастак суседцы-пенсіянерцы (нікому з вяскоўцаў ён не адмаўляе ў такіх паслугах), міжволі стаў сведкам прыгожага малюнка восеньскай прыроды. У садзе на яблыні ён убачыў маленькую вавёрачку, якая так старалася авалодаць яблыкам, утрымаць яго ў сваіх кароценькіх лапках, што Сяргей назіраў за звярком некалькі хвілін. Не ўстрымаўся ад захаплення і пазваніў жонцы, каб і яна магла палюбавалася гэтым цудам.
Расказ пра дружных і працавітых гаспадароў будзе не зусім завершаны, калі не назваць яшчэ і іншых “членаў” сям’і. На варце сядзібы і ўсяго гаспадарскага дабра знаходзіцца Лорд – вялікі прыгожы сабака, які дарэмна хлеба не есць. Пэўна, гэтак жа ацэньваюць свае заслугі перад гаспадарамі і два каты, што, у адрозненне ад Лорда, жывуць у доме. Але больш упэўнена адчувае сябе вялікі рыжы, бо ён тут вырас з маленькага кацяня. І цяпер, як паўнапраўны гаспадар, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, перакочваючыся з аднаго боку на другі, вылежваўся на канапе. А ў другім пакоі, скруціўшыся ў клубок, спаў чорны, які прыжыўся ў Корсакаў з таго часу, як яны, пашкадаваўшы выкінутую некім няшчасную жывёліну на вуліцу, узялі яе да сябе.
У доме добрых людзей усім месца хапае, бо іх добрая душа спагадлівая да ўсяго жывога на зямлі.
Анна Жоўтка.
Фота В.Чарвінскага.