Школьная ярмарка прошла в Барсуках Докшицкого района
Барсукоўская школа традыцыйна з году ў год адзначае свой дзень нараджэння. Праходзіць ён, на першы погляд, звычайна: бацькоўскі сход, вучнёўскі канцэрт, кірмаш-продаж ласункаў, якія зрабілі сваімі рукамі дзеці разам з бацькамі. І ўсё ж кожны год, пасля таго, як арганізатар пазашкольнай работы ўнёс карэктывы ў мерапрыемства, восеньскае свята праходзіць насычана, ярка і непаўторна. Спартзал у гэты час гудзе, як мурашнік, і ператвараецца ў сцэнічную пляцоўку. Абмеркаваўшы школьныя справы, якія асаблівых праблем не выклікаюць, пачынаецца канцэрт дзіцячай самадзейнасці. На біс выклікаюць Дашу Казлоўскую, якая з’яўляецца непераўзыдзенай спявачкай і танцоркай, Дашу Шылко, Карыну і Аліну Фядзюшыных. Ды і ўсім удзельнікам канцэрта апладзіруюць дружна. Канцэрты, якія рыхтуе настаўніца пачатковых класаў і адначасова выкладчыца спеваў у школе Алена Станіславаўна Паляніна, падабаюцца як дзецям, так і бацькам, урэшце, усім прысутным.
Затым, на радасць дзяцей, пачынаецца кірмаш-продаж. Па кошце, які вызначаюць гаспадары салодкіх вырабаў, але таннейшым, чым на прылаўках у гандлі спажывецкага таварыства і прадпрымальнікаў, ідзе рэалізацыя сухароў, пячэння, пірожных, цукеркаў, а таксама мёду, журавін, сухафруктаў, вырабаў з дрэва. Той, хто напярэдадні свята асабліва пастараўся, і прыбытак займеў вялікі. Задаволенымі выручкай вярнуліся з кірмашу ў дзень святкавання 21-й гадавіны школы Мікіта Пятровіч, Ксенія Гапоненка, Аксана Гардзіенка, Святлана Курсевіч.
На “ўра” пайшла выпечка Дашы і Дзімы Якімовічаў. А ўвогуле, заляжалага тавару не было: усё знайшло свайго пакупніка.
Настаўнікі вясковых школ зацікаўлена падыходзяць да выяўлення ў дзяцей розных здольнасцей, а таму працэнт залічэння ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы дастаткова высокі. Вясковыя дзеці ў дарослым жыцці становяцца перадавікамі сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, артыстамі і проста добрымі людзьмі. Спрыяе гэтаму далучэнне іх да працы, у тым ліку і такім спосабам, як арганізацыя кірмашоў.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: момант кірмашу ў Барсукоўскай школе.