Озеро раздора в Докшицком районе между санаторием «Боровое» и местными властями
Воблік раёна складваецца з гістарычных помнікаў, храмаў, населеных пунктаў і дарог, камфартабельных месцаў адпачынку і іншай інфраструктуры. Важна, каб людзям было камфортна жыць. Усё, што датычыцца гэтага пытання, знаходзіцца пад пільнай увагай улады. Кожны год радуе новымі здабыткамі. Сёлетні – разбітым у ваколіцы райцэнтра скверам, пракладзенай пешаходнай дарожкай, добраўпарадкаваным месцам адпачынку “Калоды”, прыгожым куточкам у стылі “кантры” ля Бярозкаўскай сярэдняй школы і шмат чым іншым, што робіць наш быт больш зручным, адпачынак – актыўным, а зямлю – прыгожай. У гэтай вялікай працы па навядзенні парадку, чысціні і прыгажосці прымаюць актыўны ўдзел усе суб’екты гаспадарання: прадпрыемствы, установы, камерцыйныя структуры і, канечне, само насельніцтва.
Таму такой нязвыклай падалася карціна, якую давялося бачыць на беразе вадаёма ў вёсцы Будачы (мясцовыя яго горда называюць возерам). Прыбярэжную паласу адгароджвалі… бетонныя слупы з рэшткамі калючага дроту на іх і ржавай металічнай сеткай, шматкі якой там-сям тырчалі з зямлі (здымак 1). Гэты “помнік” запушчанасці і безгаспадарчасці крыху аздаблялі дзве альтанкі для адпачынку і туалетныя кабінкі непадалёку. Як аказалася, так званая агароджа, якую некалі ўстанаўліваў санаторый «Баравое», менавіта ён арандуе гэту зямлю, у тым ліку і частку возера, у Бягомльскага пассавета, прыйшла ў непрыгоднасць шмат год таму. Але, пэўна, па той прычыне, што знаходзіцца яна на супрацьлеглым беразе і таму не псуе агульны, дарэчы, вельмі прывабны воблік здраўніцы, да яе рамонту ў кіраўніцтва рукі так і не дайшлі. Чаго не скажаш пра паўночны бераг, які адведзены пад санаторны пляж (здымак 2). Між іншым пасля таго, як знікла перашкода ў выглядзе агароджы, бераг аблюбавалі “дзікія” адпачываючыя, бо хоць і знаходзіцца санаторый у маляўнічым густым сасновым бары, але да яго рукой падаць ад трасы Мінск – Віцебск. Каб крыху акультурыць гэта месца, Бягомльскі лясгас, выконваючы рашэнне раённага выканаўчага камітэта № 361 ад 17 мая 2012 года, якое датычылася добраўпарадкавання наводных аб’ектаў, паставіў альтанкі. Гэтым жа рашэннем санаторыю “Баравое” прадпісвалася адрамантаваць агароджу або прыбраць тое, што ад яе засталося. Можна было б адмовіцца ад арэнды гэтага кавалка зямлі наогул, і тады яго ўладальнік меў бы ўсе правы на арганізацыю месца адпачынку для ўсіх жадаючых. Тым больш, што іншага зручнага месца, каб падысці да вады, тут і няма. Але за лета не было зроблена ні тое, ні другое. Галоўны ўрач санаторыя Алег Ранейскі тлумачыць сваю бяздзейнасць тым, што ён, маўляў, і кроку зрабіць не можа без дазволу вышэйстаячага кіраўніцтва. Яно ж, па яго словах, ніякага рашэння наконт агароджы яшчэ так і не прыняло. Начальнікам раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Віктарам Апанасевічам складзены пратакол агляду прыбярэжнай паласы возера, у якім адміністрацыі санаторыя ўказваецца на неабходнасць выдалення цвёрдых адходаў (дроту, металічнай сеткі), размяшчэнне якіх на зямлі не санкцыянавана. За невыкананне заканадаўствам прадугледжаны штрафныя санкцыі.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.