В Докшицах впервые прошло городское родительское собрание
Апошні час у раёне стаў назірацца рост алкагольнай, піўной, наркатычнай залежнасці ў моладзевым асяродку. Узрасла колькасць адміністрацыйных парушэнняў за распіццё спіртных напояў, выяўляюцца факты камп’ютарнай залежнасці і курэння сярод непаўналетніх, з-за чаго пагаршаецца іх здароўе. Педагогі раёна занепакоены гэтымі праблемамі, шляхі іх вырашэння бачаць толькі ў цесным супрацоўніцтве школ з сем’ямі, таму заклікаюць бацькоў да садзейнічання і дапамогі ў выхаваўчым працэсе. Па ініцыятыве раённага аддзела адукацыі райвыканкама ўпершыню быў праведзены гарадскі бацькоўскі сход. На мерапрыемства, якое адбылося ў мінулую пятніцу ў Гарадскім цэнтры культуры, былі запрошаны педагогі, бацькі, зацікаўленыя спецыялісты аховы здароўя, правапарадку і іншых сфер дзейнасці раёна.
Накірункі выхавання
На абмеркаванне былі вынесены тры асноўныя пытанні: ахова правоў і інтарэсаў дзяцей і моладзі, прафілактыка проціпраўных паводзінаў і шкодных звычак, фарміраванне здаровага ладу жыцця.
Начальнік аддзела адукацыі Васілій Лаўцэвіч падрабязна акрэсліў існуючыя праблемы ў выхаванні моладзі, назваў іх прычыны, абазначыў прыярытэтныя кірункі выхавання, якія могуць дапамагчы ў іх вырашэнні. Гэта грамадзянскае, патрыятычнае, прававое, ідэалагічнае, працоўнае выхаванне, прафесіянальная арыентацыя, духоўна-маральнае і фізічнае развіццё, абмежаванне часу, які дзеці праводзяць перад камп’ютарамі і тэлевізарамі.
Духоўнасць
Пра праблемы духоўна-маральнага выхавання моладзі гаварыў настаяцель Свята-Пакроўскай царквы Георгій Мялешка. Асноўны шлях правільнага выхавання дзяцей і падлеткаў ён бачыць у далучэнні іх да царквы. Айцец Георгій прывёў некалькі цікавых прыкладаў, якімі даказаў моцнае станоўчае ўздзеянне праваслаўнай веры на фарміраванне маральнасці і перакананняў маладых людзей, іх духоўнае развіццё. Ён растлумачыў, наколькі важны ў выхаванні дзяцей добры прыклад бацькоў, іх узаемаадносінаў, правільнага размеркавання абавязкаў. Раіў адносіцца да дзяцей з любоўю, цярпеннем і павагай, праводзіць з імі больш часу, заахвочваць да заняцця спортам, удзелу ў творчых гуртках, рухомых гульнях. Прасіў не падтрымліваць нежаданне сыноў служыць у арміі, бо для будучых мужчын гэта найлепшая школа мужнасці.
– Спажывецкія адносіны да жыцця правакуюць зніжэнне веры, а па-сапраўднаму жыць – значыць жыць з Богам! – запэўніў айцец Георгій.
Ахова правоў
Па тэме “Сістэма абароны правоў дзяцей і моладзі” выступіла галоўны спецыяліст сектара аховы дзяцінства Ганна Саўковіч. Яна ўдакладніла правы і абавязкі дзяцей і сям’і, назвала асноўныя крытэрыі сацыяльна небяспечнага становішча ў сем’ях. Паведаміла, што ў раёне нядобранадзейнымі прызнаны 130 сем’яў, у сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 133 дзіцяці, у дзяржаўнай абароне маюць патрэбу 6 дзяцей, 94 вучні знаходзяцца на ўнутрышкольным кантролі. У апошні час колькасць выпадкаў пазбаўлення бацькоўскіх правоў перавышае колькасць вяртання дзяцей у біялагічныя сем’і, таму Ганна Анатольеўна нагадала, што свяшчэнны абавязак бацькоў – даць права дзіцяці жыць у сям’і.
Культура паводзінаў
Дырэктар Докшыцкай школы № 2 Іван Шкелка зрабіў акцэнт на важнасці фарміравання культуры паводзінаў у сем’ях. Ён пераканаў прысутных у неабходнасці сумеснай мэтанакіраванай дзейнасці школы і сям’і, назваў асноўныя формы такой работы. На першае месца паставіў духоўную складаемую ў адносінах бацькоў да дзяцей, назваў неабходным іх удзел у жыцці сыноў і дачок, зацікаўленасць іх справамі, праблемамі. Таксама Іван Аляксандравіч прасіў на асабістым прыкладзе фарміраваць ў дзяцей дысцыпліну і культуру паводзінаў, разам з тым пазбягаць крайнасцяў: аўтарытарнага і вольнага выхавання.
Здароўе
Важныя пытанні – пра стан здароўя дзяцей, раннюю прафілактыку дэвіянтных паводзінаў дзяцей малодшага школьнага ўзросту, спосабы захавання і ўмацавання здароўя школьнікаў – узняла галоўны педыятр раёна Зоя Салаўёва. Яна гаварыла пра негатыўнае ўздзеянне камп’ютараў і мабільных тэлефонаў на здароўе дзяцей.
– У кожнага пятага дзіцяці выяўлена зніжэнне вастрыні зроку, пачасціліся выпадкі блізарукасці. Парушэнне паставы і скаліёз сустракаецца у кожнага 19-га дзіцяці. Прычым захворваемасць на скаліёз вельмі ўзрасла за апошні час, – паведаміла Зоя Ігнатаўна.
Яна папярэдзіла, што захапленне камп’ютарнымі гульнямі прыводзіць да дэпрэсій, страхаў, парушэнням сну, нервовых цікаў, галаўных боляў у дзяцей. Сказала, што без шкоды для здароўя можна працаваць за камп’ютарам не больш за 15 хвілін, а дзецям блізарукіх бацькоў – толькі 10 хвілін. Мабільныя тэлефоны ўрач назвала бомбай замаруджанага дзеяння і прасіла абмяжоўваць дзяцей у карыстанні імі. Зоя Ігнатаўна закранула пытанні правільнага адзення школьнікаў (шкоду сінтэтычных тканін і неабходнасць нашэння ніжняй бялізны), якаснага харчавання і карысці імунізацыі. Прасіла звярнуць увагу на палавое выхаванне дзяўчынак па прычыне распаўсюджання ранніх сэксуальных адносінаў сярод падлеткаў.
Прафілактыка
Пра тое, як захоўваюць і ўмацоўваюць здароўе вучняў у Докшыцкай школе № 1, расказаў дырэктар Генадзій Шульга. Ён прывёў статыстыку медыцынскага агляду вучняў, вынікі апытанняў іх па тэме ўжывання спіртных напояў і курэння. Яны далёка не радасныя. Генадзій Міхайлавіч назваў шматлікія метады і формы работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы шкодных звычак і актывізацыі фізічнай культуры і спорту ў школе. Як самыя эфектыўныя вылучыў дзейнасць школьнай агітбрыгады “Пакаленне ЗЛЖ”, спартыўныя секцыі, інфармацыйныя класныя гадзіны і тэматычныя мерапрыемствы, спаборніцтвы і конкурсы. Запрашаў вучняў наведваць турыстычны гурток.
Правапарадак
Ларыса Толкач, старшы інспектар ІСН Докшыцкага РАУС, расказала пра маральную і прававую адказнасць непаўналетніх за проціпраўныя дзеянні. Яна нагадала, што з 5 верасня пачаў дзейнічаць Закон “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”, у якім гаворыцца аб недапушчэнні знаходжання падлеткаў да 16 год пасля 23 гадзін на вуліцы без суправаджэння бацькоў ці асоб, іх замяняючых. Ларыса Уладзіміраўна папярэдзіла, што зараз нават за першы ўстаноўлены факт знаходжання падлетка ў нецвярозым стане, кіравання ім аўтатранспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання, хуліганства і іншыя правапарушэнні яго ставяць на ўлік у ІСН. Асноўнымі прычынамі проціпраўных дзеянняў падлеткаў яна бачыць у элементарнай абыякавасці бацькоў да сваіх дзяцей. Па яе словах, нярэдкія выпадкі, калі бацькі не ведаюць і не цікавяцца, як бавяць час іх дзеці, якія гурткі і секцыі наведваюць, з кім яны сябруюць, якую музыку слухаюць і чым захапляюцца. Таму прасіла бацькоў больш уважліва адносіцца да сваіх дзяцей і кантраляваць іх паводзіны.
Праграма сходу была насычанай і інфармацыйна разнапланавай. Пасля выступленняў у якасці адпачынку дзеці паказалі бацькам канцэртную праграму. Пры ўваходзе ў залу працавалі выставы творчых работ вучняў дзвюх гарадскіх школ і гурткоўцаў цэнтра дзяцей і моладзі.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Выступае Георгій Мялешка. 2. Выставы творчых работ – прыклад эфектыўнай і карыснай альтэрнатывы бяздумнаму баўленню часу дзяцей, камп’ютарным гульням і сядзенню перад тэлевізарамі.
Фота аўтара.