Первая массажистка Докшицкой ЦРБ
Масаж, як метад лячэння, узнік у глыбокай старажытнасці. Яшчэ за тры тысячагоддзі да нашай эры яго прымянялі ў Кітаі. Затым пачалі лячыць людзей масажам у Японіі, Індыі, Грэцыі, Рыме. А ў Еўропе яго сталі прымяняць толькі ў перыяд Адраджэння. У наш час без масажу практычна не абыходзіцца ніводная лячэбная ўстанова.
Самы вялікі вопыт масажыста ў нашым раёне мае Марына Цэзараўна Васюковіч. Працуе яна ў гэтай ролі больш чым 30 гадоў. Справу медработніка выбрала невыпадкова – пайшла па слядах родзічаў. Яе старэйшы брат быў доктарам, сястра – фельчарам. Не вагаючыся, і Марына падала дакументы ва Уральскае медвучылішча, што ў Казахстане. Працаваць вярнулася на радзіму – спачатку ўладкавалася ў Бараўляны ў ваенны шпіталь, дзе працавала 10 гадоў медсястрой. Затым прайшла курсы лячэбнага масажу і з 1980 года працуе ў Докшыцкай ЦРБ. Пра масаж Марына Цэзараўна ведае, бадай што, усё. У залежнасці ад захворвання ці іншай прычыны, якая патрабуе “мять”, “месить”, “поглаживать” цела, яна можа дасягнуць любой пастаўленай мэты.
Чалавеку здаўна вядома пра заспакойваючае дзеянне датыкання, пагладжвання. Нават маленькія дзеці інстынктыўна труць пабітае месца, каб зменшыць боль. Мы, педыятры, з першых дзён жыцця рэкамендуем мамам праводзіць масаж сваім грудным дзецям, а калі ўзнікаюць якія праблемы ў неўралагічным стане немаўлятак, затрымкі фізічнага развіцця, ДЦП, то на дапамогу адпраўляем Марыну Цэзараўну. Цяжка ўявіць, колькі дзетак паставіла на ногі гэта сціплая жанчына! Чароўныя пальцы масажысткі робяць цуды: праходзіць боль у суставах, знікаюць хрыпы ў лёгкіх, прападае знясільваючы кашаль, паднімаецца настрой і паляпшаецца імунітэт.
Медсястра першай катэгорыі выконвае ўсе тэхнічныя і псіхалагічныя патрабаванні да масажу. А гэта значыць, што яна ўважліва, тактоўна, цярпліва, спакойна падыходзіць да кожнага пацыента і, упэўнена, у правільнасці выканання сеансу з улікам стану пацыента, выбірае найбольш рацыянальную паслядоўнасць, улічваючы пры гэтым адэкватнасць зваротнай рэакцыі. Многія з пацыентаў лічаць, што поспех лячэння ў многім залежыць ад кантакту з доктарам (у дадзеным выпадку з масажыстам). І мала хто з іх задумваецца над тым, што і масажысту трэба мець душэўны камфорт, здароўе і фізічную сілу, бо гэта работа ўздзейнічае на сэрца і органы дыхання. Дарэчы, у масажыстаў ад цяжкай штодзённай працы развіваюцца прафесійныя захворванні: плечалапатачны перыартэрыіт, варыкознае расшырэнне вен, плоскаступнёвасць, міазіты, радыкуліты. І тым не менш ветэран працы Марына Цэзараўна Васюковіч удзячна лёсу, што спазнала свет масажу і вельмі задаволеная аднойчы выбранай спецыяльнасцю. Яе ўмелыя рукі пастаянна ў дзеянні, а душа адпачывае, калі яны спраўляюцца з хваробай.
С. Шохава,
няштатны карэспандэнт.