Один день с фельдшером на «скорой» в Докшицах

Выклік прымае дыспетчар Кацярына Альхімёнак.

Выклік прымае дыспетчар Кацярына Альхімёнак.

Гул сірэны “хуткай” дапамогі для большасці з нас азначае адно: чалавеку ў гэтыя хвіліны тэрмінова патрабуецца медыцынская дапамога. Часам ад таго, наколькі хутка прыязджае медбрыгада, залежыць яго жыццё. Для таго, каб мець уяўленне, як праходзіць дзяжурства, карэ­спандэнт “РВ” “заступіла на яго” ў 8 гадзін.

– Дзяжурная змена пачынаецца ў восем гадзін, але ж з’явіцца трэба раней, – гаворыць дзяжурны фельчар Святлана Андрыеўская. – Пераапрануцца ў форму, праверыць рабочую ўкладку з медыкаментамі і быць напагатове. Гэта не значыць, што вось-вось паступіць выклік. Бывае так, што за гадзіны дзяжурства прыходзіцца выязджаць на дапамогу пару разоў. А бывае, што званкі паступаюць адзін за адным.

Больш за 35 гадоў на “хуткай”

Па словах Святланы Уладзіміраўны, у асноўным грамадзяне выклікаюць “хуткую”, калі адчуваюць боль у сэрцы, пры высокім ціску альбо павышанай тэмпературы. Да дзяцей імчацца, калі адбыліся няшчасны выпадак ці траўма.

– Гадоў дваццаць таму, – успамінае фельчар, – якраз ў пераднавагоднюю ноч у дыспетчарскую патэлефанавала маці трохгадовага хлопчыка і паведаміла, што яе сын праглынуў пластмасавы шарык. Да канца дзяжурства заставалася дзве гадзіны, пасля якога чакаў дома святочны стол, родныя і блізкія. Але якое ж тут свята, калі трэба было ратаваць малечу! Ужо праз некалькі хвілін імчалі ў Віцебск. Калі прыехалі на месца, нестандартная сітуацыя завяршылася хутка і паспяхова.

Фельчар Святлана Андрыеўская.

Фельчар Святлана Андрыеўская.

Малы папрасіўся на гаршчок, у якім праз некалькі хвілін і апынуўся той злашчасны шарык.
Сярод тых, хто набірае на тэлефоне нумар “103”, ёсць “пастаянны” кантынгент. Гэта адзі­нокія людзі, якім ноччу не спіцца. Нярэдкі выпадкі падобныя наступнаму. Пажылая жанчына ў вельмі позні час выклікала “хуткую” дапамогу, паскардзілася на прыступ астмы. Калі фельчар прыехала да пацыенткі, то ўбачыла, што стан яе здавальняючы, а лекі ад астмы стаяць на паліцы некранутыя. Пагутарыла з пенсіянеркай. Зрабіла прафілактычную ін’екцыю фізраствору, якая быццам “падзейнічала” і высветлілася, што жанчына прыдумала сабе хваробу і, калі ёй рабілася асабліва сумна, – выклікала медыкаў. Брыгада “хуткай”, зразумела, не магла не выехаць.
Неаднойчы прыходзілася бываць у ролі акушэркі і прымаць роды.
– Памятаю, як везлі цяжарную жанчыну ў радзільнае аддзяленне, – гаворыць фельчар, – і дзіця так хацела хутчэй з’явіцца на свет, што нарадзілася тут жа, у машыне “хуткай”, пад вокнамі аддзялення.

Алё, “хуткая” слухае

У раёне ёсць два аддзяленні “хуткай” дапамогі – у Докшыцах і Бягомлі, якія працуюць кругласутачна. У Крулеўшчыне знахо­дзіцца пост, які аказвае дапамогу пацыентам з 20 да 6 гадзін. Званкі з усёй тэрыторыі раёна прымае дыспетчар аддзялення “хуткай” дапамогі ЦРБ, таксама медыцынскі работнік, асноўная задача якога – дыферэнцыраваць любую скаргу на здароўе: патрабуецца ў дадзенай канкрэтнай сітуацыі “хуткая” ці толькі парада па тэлефоне? У апошнім выпадку кампетэнтны фельчар мае права выказаць сваё меркаванне. Мае права, але не абавязаны. Увогуле ж злоўжываць “тэлефоннай кансультацыяй” непажадана, бо ў гэты момант хтосьці спрабуе дазваніцца, і яму, магчыма, дапамога патрабуецца больш тэрмінова. У сярэднім за месяц у дыспетчарскую службу паступае каля 700 выклікаў.
Калі вы жывяце ў райцэнтры і патэлефанавалі ў “хуткую”, чакаць яе прый­дзецца напрацягу 15 хвілін. Па раёне крыху больш – у межах 30 хвілін.

Адно з сёлетніх новаўвядзенняў – гэта распрацаваная дарожная карта, па якой дыспетчар ба­чыць, дзе ў дадзены момант знаходзіцца машына “хуткай”. Таму, калі, напрыклад, здарылася аварыя на дарозе ў суседнім раёне, і ў гэты час паблізу знахо­дзіцца докшыцкая “хуткая”, яе накіроўваюць туды. Так, неаднаразова даводзілася выязджаць на месца дарожна-транспартных задрэнняў у Лепельскі раён.

Укамплектаванасць

Машыны “хуткай” дапамогі ўкамплектаваны ўсім неабходным абсталяваннем. У кожнай ёсць кардыёграф, дэфібрылятар, насілкі, шчыт, набор палімерных шын. Пры масавай аварыі – асобная ўкладка з запасам перавязачных і абязбольваючых сродкаў. Дарэчы, чамаданчык з лекамі, які фельчар пастаянна бярэ на выклік, важыць нямала кілаграмаў. У ім налічваецца каля 200 прэпаратаў, тэрмін прыгоднасці якіх пастаянна правяраецца.
Калі пацыенту патрабуецца шпіталізацыя і самастойна дайсці да машыны ён не можа, на дапамогу прыходзіць вадзіцель.

Цяжка дыхаць…

У першую чаргу фельчар Святлана Скурат мерае ціск у пацыенткі.

У першую чаргу фельчар Святлана Скурат мерае ціск у пацыенткі.

Першы выклік дыспетчар Кацярына Альхімёнак прыняла ў 10 гадзін. Тэлефанавала жанчына 1959 года нараджэння з Докшыц. Яна расказала, што перанесла інфаркт, а цяпер адчувае моцны боль у грудзях, ёй цяжка дыхаць. “Хуткая” едзе па ўказаным адрасе. Ужо дома ў пацыенткі фельчар пытаецца, ці прымала тая якія-небудзь лекі. Жанчына адказвае, што так, нітрагліцэрын, але лягчэй не стала. Тады ёй робяць кардыяграму, мераць ціск і шпіталізуюць у бальніцу.

Наступны званок паступіў праз пару гадзін. Пенсіянерка з Лапут дрэнна сябе адчувала з-за надта высокага ціску, прасіла прыехаць, бо, па яе словах, нават таблетка не дапамагае. Па прыездзе фельчар упэўнілася, што сапраўды ціск надта высокі. Зрабіла ёй ін’екцыю і рэкамендавала рэгулярна прымаць лекі.
Яшчэ адзін званок паступіў у другой палове дня. Тэлефанаваў перапалоханы дзядуля. Ён паведаміў, што ўнук моцна парэзаў нагу. Як пазней высветлілася, васьмігадовы хлопчык гуляў у двары з сябрамі, дзе яму на нагу звалілася шкляная банка і параніла аскепкамі. Малы вельмі напалохаўся і моцна плакаў. Але не столькі ад болю, колькі ад выгляду ўбачанай крыві. Фельчар супакоіла хлопчыка, апрацавала рану і наклала стэрыльную павязку. Затым у суправаджэнні дзядулі яго даставілі ў прыёмны пакой. Там трэба было чакаць прыезду хірурга для накладання швоў. Дарэчы, доктара выклікалі з урачыстасці, на якой ён знаходзіўся з нагоды прафесійнага свята – Дня медыцынскіх работнікаў.
Невядома чым бы закончылася сітуацыя, каб дзеці не выклікалі “хуткую” дапамогу свайму бацьку, які жыве ў Несцераўшчыне. Цэлы дзень ён сябе адчуваў дрэнна, а бліжэй да вечара ўвогуле стаў задыхацца. Хворага аператыўна даставілі ў райбальніцу, дзе ўжо літаральна на парозе аддзялення яго чакаў рэаніматолаг. На наступны дзень Святлана Андрыеўская пацікавілася здароўем пацыента, яе запэўнілі, што зараз пацыент адчувае сябе намнога лепш.
За дванаццаць гадзін дзяжурства дыспетчар аддзялення “хуткай” медыцынскай дапамогі прыняла 21 званок.

 

 

 

Калі набіраць “103”?

— пры няшчасных выпадках, аварыях і траўмах, якія суправаджаюцца цяжкімі пашкоджаннямі, рознымі раненнямі, пераломамі, кровацячэннямі, вывіхамі, апёкамі, абмаражэннямі; пры паражэннях электрычным токам ці молніяй, цеплавым і сонечным ударах, удушэннях, павешаннях, патапленнях, пападанні іншародных прадметаў у дыхальныя пуці і стаўнікава-кішачны тракт; атручваннях, пакусах жывёл, змей, замахах на самазабойства, згвалтаванні.
— пры заўчасных захворваннях: часцей за ўсё гэта скаргі “памірае”, “пасінеў”, “не дыхае”, “задыхаецца”, “паралізаваны”, “страціў мову”, “не — прачынаецца”, “ацёк гартані”, пры моцнай болі ў жываце, у грудзях.
— пры вострых растройствах псіхікі, якія суправаджаюцца агрэсіяй у адносінах да сябе і навакольных.
— пры родах, для перавозкі жанчын у радзільнае аддзяленне.
— калі надзвычайная сітуацыя адбылася ў грамадскім месцы, на вуліцы, прадпрыемстве, школе, дзіцячым садку.
— калі ў дзіцяці першага года жыцця павысілася тэмпература, рвота, сып альбо ўзнікла іншае захворванне.

 

Што трэба паведаміць па тэлефоне “103”?
— дакладны адрас
— прозвішча, узрост пацярпелага альбо хворага
— прычыну для выкліку
— тэлефон і прозвішча таго, хто выклікае “хуткую”.

 

Чым не займаецца “хуткая”?
— не выдае бальнічных лістоў, судова-медыцынскіх заключэнняў
— не праводзіць экспертызу алкагольнага ап’янення
— не працуе, як таксі, калі трэба даехаць да бальніцы. Выключэнне – насілачныя хворыя, якія не могуць самастойна дабрацца ў стацыянар у сілу сваіх фізіялагічных дэфектаў.

 

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *