«Клёвое место» нашли в Докшицком районе
У мінулыя выхадныя ў аграгарадку Барсукі прайшло брэндавае свята “Клёвае месца” пад дэвізам “Дзень рыбы святкаваць, рыбака праслаўляць”.
Святочны фэст адкрыла дырэктар ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раена” Крысціна Гмырак. Яна павіншавала ўсіх са святам, пажадала добрага настрою гледачам,
а ўдзельнікам конкурсаў – перамогі.
Прадоўжылася свята выступленнем саліста народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Андрэя Чабана. Потым на сцэне з’явіліся самыя юныя артысты, якія паказалі некалькі танцавальных нумароў.
Спадабалася гледачам выступленне вакальнай групы Барсукоўскага сельскага дома культуры “Чабарок”.
Пакуль артысты радавалі гледачоў сваім творчым майстэрствам, журы падводзіла вынікі конкурсу на званне лепшага рыбака, які распачаўся ў 6 гадзін раніцы. Удзел у гэтам мерапрыемстве мог прыняць кожны жадаючы.
Галоўны прыз дастаўся самаму юнаму ўдзельніку Арсенію Касцюку, якому ўручылі памятны падарунак. Хлопчык разам з бацькам займаецца рыбнай лоўляй з 4-х гадоў. І за гэты час яму пашчасціла дасягнуць выдатных поспехаў. Пераможца расказаў, што самым большым уловам стаў лешч вагой 1,2 кілаграма. У хуткім часе Арсеній, па словах бацькі, будзе ўдзельнічаць у прафесіянальных спаборніцтвах па рыбнай лоўлі.
Гледачы на свяце таксама не засталіся без увагі. Для іх была падрыхтавана віктарына на тэму рыбалкі. Яе праводзіла Залатая рыбка разам са сваім памочнікам Крабікам.
Рыба – гэта прыклад ідэальнага спалучэння карысці і смаку, але яе трэба ўмець не толькі злавіць, а яшчэ і прыгатаваць. Рэцэптаў рыбных страў у кожнай гаспадыні шмат і, канешне, у кожнай з іх ёсць свой сакрэт.
Каб даказаць сваё майстэрства, гаспадыні прынялі ўдзел у конкурсе “Рыбная фішка”.
Самая смачная юшка атрымалася ў кухараў з клуба нацыянальнай кухні “Смачна есці” Крыпульскага СДК. Самы смачны рыбны пірог спякла загадчыца Таргуноўскага клуба-бібліятэкі Вольга Квачонак. На славу пастараліся работнікі Беразінскага клуба-бібліятэкі. Усе пераможцы атрымалі падарункі.
Фінальным акордам свята стала выступленне народнага вакальнага ансамбля “Землякі” Параф’янаўскага СДК.
Цудоўным аздабленнем фэсту былі выставы вырабаў майстроў з Парплішчанскага СДК, Докшыцкага дома рамёстваў. На забаўляльнай пляцоўцы дзеці скакалі на батуце, каталіся на электронных аўтамабілях, прымалі ўдзел у жартоўнай рыбалцы.
Але на гэтым свята не закончылася. Кожны жадаючы мог паласавацца смачнай юшкай і іншымі рыбнымі стравамі.
На здымку: пераможца конкурсу рыбака Арсеній Касцюк са сваімі старэйшымі “калегамі”.
Тэкст і фота Алы ВАРАНЁНАК.