В Городище Докшицкого района успешно работает гурт «Вясёлка»
Спяваюць і танцуюць у ім хлопцы і дзяўчаты з Гарадзішча. Насця Заблоцкая, Вераніка Парневіч, Андрэй Будзіч, Юра Кацейка, Марына Крук, Даша Будзіч, Ілья Скачко, Аляксей Краміч, Даша Янковіч, Аляксей Гайковіч, Віктар Гайдукоўскі і Маша Масевіч сталі лаўрэатамі 3-й прэміі абласнога агляду-конкурсу фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор”. Акрамя гэтага адзначаны ў трох намінацыях, як лепшыя танцоры, выканаўцы прыпевак і народнай прозы. Гэта не першае прызнанне творчасці аматараў народнага мастацтва. Дагэтуль поспех гарадзішчанскім артыстам спадарожнічаў на абласных фальклорных святах у Шаркаўшчыне, Ноўках.
“Вясёлка” існуе з 2000 года. Гэта, калі ў фальклорны гурт прыйшлі школьнікі, а наогул фальклорам у Гарадзішчанскім СДК пачалі займацца з пачатку 90-х гадоў. На хвалі Адраджэння дырэктар СДК Наталля Гайковіч і бібліятэкар Альдона Літвін вырашылі вярнуць да жыцця старажытныя абрады, песні, танцы. У памочніцы запрасілі вялікага знаўцу мясцовага фальклору Юзэфу Іосіфаўну Матошка. Мясцовыя бабулі-пенсіянеркі, здаецца, на вачах маладзелі, калі ігралі на сцэне вяселле, ладзілі хрэзьбіны, хадзілі калядаваць ці спяваць васолы. Наша газета тады не раз пісала пра гарадзішчанскіх артыстаў. Пазнаёміла бліжэй чытачоў з Юзэфай Іосіфаўнай, якую без сумнення можна назваць унікальным чалавекам. Яна ведае фальклор, сама спявае, танчыць, рыхтуе сцэнічныя касцюмы сабе і ўдзельнікам. Не прапускае ніводнай рэпетыцыі і сочыць, каб і іншыя рэгулярна прыходзілі на іх. Да фальклору далучыла дачку, якая займаецца ім у адной з віцебскіх школ, дзе працуе настаўніцай. Унук Антон – навучэнец Докшыцкай школы мастацтваў – ужо не раз спрабаваў свае сілы ў якасці акампаніятара “Вясёлкі”.
У 90-я гады фальклорных гуртоў у раёне было некалькі, але да сённяшняга застаўся практычна адзін гарадзішчанскі. Больш за тое, Наталля Уладзіславаўна са сваімі памочнікамі змагла зацікавіць дзяцей народнай творчасцю. Ілья Скачко запэўнівае, што іх угаворваць вучыць народныя танцы не трэба – самім хочацца.
– Многія з нас у “Вясёлцы” пачалі ўдзельнічаць яшчэ ў пачатковых класах, – дадае Марына Крук. – Зараз з такіх маленькіх займаюцца Каця Крук і Ульяна Янковіч. Сяброўства з ансамблем не перарываецца і тады, калі вучні заканчваюць школу. Студэнты, прыязджаючы дадому, прыходзяць на рэпетыцыі і не адмаўляюцца ад выступленняў.
З “Вясёлкі” вырасла сённяшні мастацкі кіраўнік СДК Анастасія Масевіч, якая з задавальненнем займаецца зараз мастацкай самадзейнасцю.
У арсенале гурту — народныя абрады “Гуканне вясны”, “Вяселле”, “Вячоркі” і іншыя. Дзеці цудоўна спяваюць, умеюць танцаваць старадаўнія танцы “Свеціць месяц”, “Аляксандра”, “Кракавяк” і іншыя. Яны збіраюць паданні, запісваюць прымаўкі, прыказкі. Захоўваючы спадчыну сваёй маленькай радзімы для гісторыі, робяць вялікую і высакародную справу.
Зараз разам з дарослымі ўдзельнікамі фальклорнага гурту Марыяй Парневіч, Наталляй Крук, Аксанай Малькевіч, Раісай Вярцінскай “Вясёлка” рыхтуе абрад калядавання. Па словах Наталлі Гайковіч, з калядкамі яны плануюць наведацца ў кожную з 17 вёсак, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання Гарадзішчанскага СДК. Дабірацца будуць, як даўней, на коніку, запрэжаным у сані і абавязкова пастараюцца прынесці свята ў кожную вясковую хату.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: работнікі Гарадзішчанскага СДК Н.У. Гайковіч, А.С. Масевіч з Ю.І. Матошка; гурт “Вясёлка” ў час выступлення.