В Докшицах открылась новая аптека
Напярэдадні Дня горада ў будынку водна-аздараўленчага цэнтра расчыніла дзверы для наведвальнікаў дзяржаўная аптэка №353 пятай катэгорыі.
Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Алег Пінчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч і начальнік арганізацыйна-фармацэўтычнага аддзела Віцебскага УП “Фармацыя” Сяргей Савельеў.
Старшыня райвыканкама выказаў удзячнасць прадпрыемству “Фармацыя” за такі цудоўны падарунак гораду, дзякуючы якому набыццё лекавых сродкаў стане яшчэ больш зручным і камфортным.
Як адзначыў Сяргей Савельеў, за апошні год у вобласці з’явілася 14 аптэк. Дзяржаптэка № 353 будзе чацвёртай у Докшыцах, і тут, акрамя вядомых усім наведвальнікам паслуг – “электронны рэцэпт”, дысконтная картка, зніжкі для шматдзетных сем’яў, інвалідаў і пенсіянераў – з’явіцца новая – “інтэрнэт-заказ”. Кожны зможа заказаць патрэбныя медыкаменты праз Сеціва. Акрамя гэтага, новая аптэка мае сучаснае абсталяванне, што таксама зробіць працу больш зручнай.
– Адкрыццё новага аб’екта – сапраўдная ўрачыстасць для ўсіх нас, – паведаміла загадчыца цэнтральнай аптэкі Таццяна Гуц. – Там маецца асобны ўваход, што дае магчымасць арганізаваць зручны графік работы: аптэка будзе працаваць з дзесяці гадзін раніцы да сямі гадзін вечара штодзень, акрамя суботы і панядзелка. Перапынак на абед – з чатырнаццаці да пятнаццаці гадзін. Хочацца, каб людзі менш хварэлі і звярталіся да нас пераважна па сродкі прафілактыкі. А мы, у сваю чаргу, пастараемся зрабіць усё магчымае, каб задаволіць патрэбы ўсіх кліентаў.
Пасля таго, як была перарэзана чырвоная стужка, усе прысутныя змаглі ацаніць інтэр’ер новай аптэкі. У светлым і ўтульным памяшканні, на прыгожых зашклёных палічках, размясціліся не толькі медыкаменты айчынных і замежных вытворцаў, але і іншыя тавары аптэчнага асартыменту.
Любое ўрачыстае мерапрыемства не абыходзіцца без сюрпрызаў: супрацоўнікі аптэкі прапанавалі першым наведвальнікам паспытаць цукеркі і вітамінна-мінеральныя напоі.
Загадчыца новай аптэкі, вопытны фармацэўт Ала Скурат, якая вось ужо дваццаць сем гадоў працуе ў раёне, адразу ўключылася ў работу, бо ахвотных ацаніць аптэчны сэрвіс было шмат.
Першым пакупніком стала Святлана Малевіч, якая атрымала невялічкі сувенір ад супрацоўнікаў аптэкі і падзялілася сваімі думкамі наконт пашырэння аптэчнай сеткі:
– Вельмі рада, што мы, гараджане, атрымалі такі прыемны падарунак. Жыву непадалёку, таму бачу, што водна-аздараўленчы цэнтр наведваюць людзі рознага ўзросту, бацькі забіраюць дзяцей са школы – кожнаму будзе зручна зайсці па дарозе ў аптэку.
Студэнтка ВДМУ Кацярына Дук таксама выказала сваё меркаванне наконт адкрыцця новага аб’екта:
– Прыемна, што сучаснае абсталяванне і ўтульнае памяшканне робяць умовы працы фармацэўтаў больш камфортнымі, а абслугоўванне кліентаў — больш якасным. Для мяне, як будучага правізара, гэта вельмі важна.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота А. Варанковіча.