Как в Докшицах «болельщики» «Динамо» Новый год праздновали
Пад Новы год наш горад расквітнеў рознакаляровымі агнямі, і тым самым надаў кожнаму святочны настрой. І, здавалася б, атрымліваць ад гэтага задавальненне і святкаваць, аднак знайшліся такія, каму пад бой курантаў захацелася прыгод.
30 снежня, пакуль у “Іскры” ішоў кінасеанс баевіка “Неудержимые-2” і на экране многімі любімыя кінагероі Арнольд Шварцнеггер, Сельвестар Сталоне і Чак Норыс змагаліся з чарговымі злодзеямі сусветнага маштабу, двое непаўналетніх дакшычан вырашылі па-свойму праявіць свой “гераізм”, каб назаўсёды застацца ў крымінальнай гісторыі раёна. Юнакі ўзброіліся аэразольным балончыкам і размалявалі фасад будынка кінаканцэртнай залы. Надпісы, якія пасля сябе пакінулі “мастакі”, хоць і насілі бяскрыўдны характар, “З Новым годам, Усход”, “Паўлік”, “Дынама”, але ж нанеслі значную шкоду дзяржаўнай маёмасці.
На наступны дзень, калі супрацоўнікамі “Іскры” была выяўлена дадзеная творчасць, у Докшыцкае аддзяленне ўнутраных спраў адразу ж паступіла аб гэтым паведамленне. Трэба аддаць належнае супрацоўнікам міліцыі, якія літаральна праз некалькі гадзін выявілі правапарушальнікаў і абавязалі балельшчыкаў футбольнага клуба “Дынама” замаляваць свае надпісы. Фотакарэспандэнт раённай газеты сфатаграфаваў непаўналетніх 1 студзеня 2013 года, калі яны разам з бацькамі, замест таго, каб адпачываць у выхадны дзень і святкаваць Новы год, займаліся пафарбоўкай фасада “Іскры”.
Па дадзеным факце зараз праводзіцца праверка. Праз некалькі дзён будуць вядомы яе вынікі, а менавіта тое пакаранне, якое панясуць бацькі за ўчынак сваіх непаўналетніх дзяцей.
Таццяна ШУЛЬГАТ.
Фота В. Чарвінскага.