На заседании Докшицкого райисполкома рассмотрели вопросы, связанные с детьми и молодежью
На мінулым тыдні прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Першым сярод разгледжаных на ім пытанняў было “Аб рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў працоўных калектывах раёна”. Справаздачу зрабіў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Сяргей Шчалкуноў. У пачатку свайго выступлення ён акрэсліў асноўныя праблемы, на вырашэнне якіх накіравана сёння дзейнасць структурных падраздзяленняў раённага выканаўчага камітэта, грамадскіх арганізацый і арганізацый у пытаннях маладзёжнай палітыкі. Гэта праблемы патрыятычнага выхавання і занятасці моладзі, развіццё яе працоўнай актыўнасці, арганізацыя вольнага часу, павышэнне духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры падрастаючага пакалення. У нашым раёне маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года налічваецца 4834 чалавекі, што складае 18 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Гарадской працуючай моладзі налічваецца 1594 чалавекі, сельскай – 2293 чалавекі.
Далей дакладчык спыніўся на тых формах работы, якая праводзіцца са школьнай, дапрызыўной моладдзю, далажыў аб тым, як арганізоўваецца правядзенне вольнага часу сярод працуючай моладзі. У прыватнасці, адзначыў, што для заняткаў фізічнай культурай і спортам у раёне ёсць 85 спартыўных збудаванняў і 22 спартыўныя залы. Моладзь прымае ўдзел у спаборніцтвах “Беларуская лыжня”, турыстычных злётах, гульнявых відах спорту, лёгкаатлетычным кросе на прыз газеты “Савецкая Беларусь”. У раёне арганізаваны пракат спортінвентару.
Пэўнае месца ў дакладзе было ўдзелена пытанню забеспячэння маладых сем’яў жыллём. Адзначалася, што кожны год ім даюцца льготныя крэдыты на набыццё і будаўніцтва дамоў і кватэр. Так, у перыяд з 2009 года па верасень 2011-га на гэтыя мэты было выдзелена 28,7 млрд. рублёў. Жыллёвыя ўмовы палепшыла 358 чалавек з ліку моладзі.
Дакладчык закрануў і такое важнае пытанне, як павышэнне прафесійнага майстэрства маладых. Адзначыў, што ў працоўных калектывах і на раённым узроўні праводзяцца конкурсы “Лепшы па прафесіі” сярод маладых механізатараў, занятых на пасяўных і ўборачных работах, сярод муляраў, лесарубаў, сярод работнікаў адукацыі, аховы здароўя, гандлю і грамадскага харчавання.
Разам з тым, як з вуснаў дакладчыка, так і першага сакратара РК ГА “БРСМ” Дзмітрыя Чувахова, які выступіў з садакладам, з выступлення в.а. намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Анатолія Ванюшына прагучала і самакрытыка: яны прызналі, што ў рабоце па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай праграмы ёсць недапрацоўкі, асноўнымі з якіх з’яўляюцца разрозненасць у рабоце, адсутнасць каардынацыі дзеянняў, недастатковая работа па замацаванні ў раёне маладых кадраў, адсутнасць эфектыўнай работы з таленавітай моладдзю.
У абмеркаванні гэтага важнага пытання прыняў удзел дэпутат, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацынальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, які прысутнічаў на пасяджэнні і выступіў з прамовай (на здымку). Ён адзначыў, што галоўнае ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі – гэта сумеснае вырашэнне ўсіх пытанняў, а заканадаўчая база для гэтага створана. У.П. Андрэйчанка выдзеліў тры асноўныя праблемы, на вырашэнне якіх сёння трэба засяродзіць увагу. Гэта працаўладкаванне, бытавыя праблемы і арганізацыя вольнага часу. Не на паказчыкі трэба арыентавацца, а на захаванасць сям`і і яе ўмацаванне. “Каардынацыя дзеянняў і ініцыятыва – галоўнае, што павінна прысутнічаць у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, – падкрэсліў У.П. Андрэйчанка. А асноўным каардынатарам гэтай работы павінен быць аддзел па справах моладзі райвыканкама.
Перад прысутнымі па гэтым пытанні выступіў таксама начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка.
На пасяджэнні райвыканкама было абмеркавана пытанне “Аб стане работы, якая праводзіцца ў раёне па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18” “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Справаздачу па ім зрабілі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Раіса Дуж і намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмітрый Шупенька. Было адзначана, што рэгулярна на пасяджэннях каардынацыйнага савета аналізуецца эфектыўнасць работы суб’ектаў прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва, вядзецца кантроль за захаваннем працоўнай дысцыпліны абавязанымі асобамі, высвятляюцца прычыны прагулаў, прымаюцца неабходныя меры па абароне правоў і інтарэсаў дзяцей, якія пражываюць у нядобранадзейных умовах.
З моманту дзеяння Дэкрэта № 18 камісіяй па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэта прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне 60 дзяцей з 38 сем’яў, 27 непаўналетніх (45 працэнтаў) вернуты ў біялагічныя сем’і, 26 (43 працэнты) атрымалі пастаянны статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, 7 дзяцей (12 працэнтаў) прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
А што ж іх бацькі? Дакладчыкі ў сваіх справаздачах прыводзілі такія даныя. Па стане на 1 кастрычніка гэтага года на тэрыторыі нашага раёна пражывае 111 абавязаных асоб, з якіх 92 працуюць, 12 знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і лячэбна-працоўных прафілакторыях, 7 абавязаных асоб кампенсуюць грашовыя сродкі ў добраахвотным парадку. За 9 месяцаў гэтага года ў раённы бюджэт паступіла 249 844 300 рублёў, або 60 працэнтаў ад спаганяемай сумы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў раёне.
У адным з пунктаў прынятага рашэння па гэтым пытанні запісана, што каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 павінен укараняць у практыку замацаванне за кіруючымі работнікамі райвыканкама, устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў персанальнае куратарства за абавязанымі асобамі, удзяляючы асаблівую ўвагу тым, якія далёка не поўнасцю кампенсуюць сродкі на ўтрыманне дзяцей у дзяржустановах.
Заключным пытаннем парадку дня пасяджэння райвыканкама было “Аб выніках выканання бюджэту раёна за 9 месяцаў 2011 года “. Справаздачу зрабіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Марыя Паляніна.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні.