В костёле св. Троицы в Докшицах открыта духовная школа для детей и взрослых
Распачаўся новы навучальны год, і касцёл запрашае дзяцей і дарослых удзельнічаць у катэхезах, каб атрымаць духоўныя веды. Заняткі, якія праходзяць у касцёле Святой Тройцы, дапамагаюць яшчэ больш пазнаць Пана Бога, палюбіць Яго ўсёй душой, вучаць шанаваць бацькоў, настаўнікаў і кожнага чалавека.
– Духоўныя веды патрэбны дзіцяці, каб сфарміраваць у яго ўнутраны свет, – гаворыць сястра Маргарыта Аўгустын. – На гэта патрэбен час, таму ўжо з чатырохгадовага ўзросту бацькі могуць прыводзіць малечу на заняткі, якія праходзяць у нядзелю ў 10.00. Праводзяцца таксама для рознаўзроставых груп: маленькіх, тых, што рыхтуюцца да Першай святой Камуніі, старэйшай школьнай моладзі. Для вучняў 1-11 класаў заняткі праходзяць у буднія дні: з аўторка па пятніцу. Усяго наведвае катэхезу каля двухсот дзяцей. Калі пачыналі ў 1999 годзе, то іх было толькі пятнаццаць.
Эфектыўнасць заняткаў у многім залежыць, якім чынам падаецца інфармацыя. Калі яны праходзяць у жывой форме, то дзеці ахвотна ўключаюцца ў навучальны працэс.
– Стараемся шукаць новыя формы навучання, каб як найлепш пераказаць моладзі і дзецям хрысціянскія вартасці, – падкрэслівае манахіня. – Праводзім заняткі ў інтэрактыўнай форме, з выкарыстаннем мультымедыйных сродкаў. Акрамя гэтага, абавязкова спяваем і танцуем. Яшчэ адзін важны момант – пачынаем і заканчваем сустрэчу малітвай. Дзеці абавязкова атрымліваюць хатняе заданне для таго, каб лепш засвоіць матэрыял. Яно прапануецца ў выглядзе рэбусаў, крыжаванак, заданняў-лабірынтаў, практыкаванняў з наклейкамі. Матэрыялы падрыхтаваны такім чынам, каб заахвоціць дзяцей дзяліцца спазнаным з бацькамі і сябрамі.
Роля катэхізацыі становіцца ўсё больш значнай у жыцці Касцёла. Яна прывівае любоў да сакрамэнту пакаяння і Эўхарыстыі, рыхтуе да актыўнага і свядомага ўдзелу ў Літургіі св. Імшы, да споведзі і прыняцця св. Камуніі. Важна, каб бацькі, у сваю чаргу, уласным прыкладам заахвочвалі дзяцей да споведзі і прыняцця святой Камуніі.
Сястра Маргарыта сцвярджае, што дзеці паступова становяцца больш паслухмянымі, міласэрнымі і адказнымі за свае ўчынкі.
НА ЗДЫМКУ: заняткі па катэхезе праводзіць сястра Маргарыта Аўгустын.
Тэкст і фота Таццяны Падбярэзкай.