Милиционер из Докшиц пожертвовал жизнью за независимость Латвии

111Днямі ў раёне праездам пабывала дэлегацыя паліцыі Латвіі. На докшыцкай зямлі ёсць месца, куды латышскія вартавыя правапарадку наведваюцца кожны раз, калі здараецца нагода быць у нашых краях. На гэты раз яны па запрашэнні беларускага боку накіроўваліся ў Мінск на святкаванне 100-годдзя крымінальнага вышуку. І, тым не менш, хаця б на кароткі час, але наведаліся ў вёску Тумілавічы, дзе на мясцовых могілках пахаваны старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Гамановіч.
– Для сённяшніх латышскіх паліцэйскіх гэта прозвішча з’яўляецца сімвалам мужнасці і вернасці прысязе, – сказаў кіраўнік дэлегацыі, начальнік дзяржаўнай паліцыі Латвіі генерал Інтс Кюзіс. – Ваш зямляк Уладзімір Гамановіч пасля заканчэння Рыжскага факультэта Мінскай школы міліцыі нёс службу на ахове будынка МУС Латвійскай рэспублікі. У час путча ў студзені 1991-га года, калі пачаўся штурм міністэрства амапаўцамі, ён не пакінуў пост і пры выкананні службовых абавязкаў загінуў. Такім чынам, беларус ахвяраваў сваім жыццём за незалежнасць Латвіі. У Рызе ўстаноўлены памятны камень у гонар мужнасці афіцэра міліцыі Гамановіча. Кожны паліцэйскі Латвіі лічыць сваім гонарам ускласці кветкі да падножжа гэтага помніка-сімвала. Мы кветкі прывезлі сёння ў Беларусь, на малую радзіму героя. Мы добрыя суседзі, і нашы народы заўсёды будуць жыць у міры і згодзе.
Латышы цёпла павіталіся з родным братам загінулага Станіславам, які жыве зараз у Тумілавічах.
На цырымоніі ўшанавання памяці лейтэнанта міліцыі Уладзіміра Гамановіча прысутнічалі службовыя асобы з упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама і Докшыцкага райаддзела міліцыі.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Станіслаў Гамановіч, Інтс Кюзіс, начальнік крымінальнай паліцыі палкоўнік Андрэй Грышын і начальнік міжнародных адносін дзяржаўнай паліцыі Латвіі палкоўнік Марыс Гейда ў час ускладання кветак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *