Мама с большой буквы из деревни Барсуки Докшицкого района
Мацярынства – вялікі дар, падуладны не кожнаму. Але нарадзіць дзіця – гэта яшчэ не значыць стаць сапраўднай маці. Трэба выгадаваць таго, хто так патрабуе цеплыні і пяшчоты, стаць дастойным прыкладам для яго. Алена Гарохава з Барсукоў – мама з вялікай літары. Выгадавала дзвюх прыгожых дачушак і зараз дорыць мацярынскую цеплыню яшчэ дваім дзецям, якіх таксама лічыць сваімі.
З гэтай актыўнай, жыццялюбівай жанчынай мы сустрэліся ў адну з лістападаўскіх нядзель, бо ўсе астатнія дні тыдня ў Алены Анатольеўны вельмі загружаныя. Яна працуе прыбіральшчыцай у Доме культуры, але, як творчы чалавек, удзельнічае ў разнастайных мерапрыемствах, спявае ў музычным калектыве “Чабарок”. Толькі чым бы яна ні займалася, яе любыя сонейкі-дзеці, а таксама дзве маленькія ўнучачкі, з’яўляюцца галоўнымі ў яе сэрцы.
Нарадзілася Алена ў Латвіі, жыла ў дружнай сям’і разам з братам Толем і сястрой Марынай. У пачатку дзевяностых разам з мамай і дачушкай Алачкай прыехала ў Беларусь і пасялілася ў Барсуках, тут жа ў Алены нарадзілася другая дачка – Ганна.
Аленіна мама – выхавацель, як кажуць, ад Бога: з дзяцінства прывівала любоў да працы, вучыла быць адказнымі і самастойнымі. Таму не дзіва, што ў сям’і Макаравых заўсёды гучаў дзіцячы смех. За сваё жыццё Ала Альбертаўна, акрамя сваіх дзетак, гадавала іншых. Усе яны – былыя выханцы інтэрната, жылі ў згодзе з роднымі дзецьмі і вельмі паважалі матулю, цанілі яе і любілі, нягледзячы на тое, што Ала Альбертаўна даволі строга іх выхоўвала. Вось і зараз, стварыўшы свае сем’і, абавязкова заязджаюць у Барсукі да людзей, якіх працягваюць называць мамай і сёстрамі.
Не дзіва, што і Алена, і яе старэйшы брат Анатоль прынялі рашэнне ўзяць на выхаванне прыёмных дзяцей. Яны добра разумеюць словы “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”, дораць дзеткам усю сваю любоў і клопат і дапамагаюць ім адбыцца ў жыцці.
– Калі дачушкі выраслі і паехалі вучыцца, у хаце стала сумна. Зразумела, што ў такой цішыні можна звар’яцець. Трэба было абавязкова вярнуць у гэтыя сцены дзіцячую гаману і гульні, – гаворыць Алена Анатольеўна і, кінуўшы позірк на прыгожага сціплага хлопчыка, дадае: – Я шчаслівая, што ў мяне з’явіўся Андруша, і нават не верыцца, што некалі ён быў непаслухмяным.
Андрэй трапіў у сям’ю пяць гадоў таму. Жанчына прызнаецца, што перыяд адаптацыі быў складаны. Але зараз хлопчык вядзе актыўнае жыццё: цікавіцца інфарматыкай, захапляецца валейболам і тэнісам, прыслужвае ў касцёле.
– Андрэйка – гэта мая правая рука, – працягвае расповед задаволеная маці. – Усё ўмее рабіць і з радасцю дапамагае спраўляцца з хатнімі клопатамі і гаспадаркай. Напачатку дапамагаў мне даглядаць Дзіяну, а зараз і яна пакрысе становіцца самастойнай. Так?
Жанчына звяртаецца да русавалосай дзяўчыны, якая сядзіць тут жа, на стуле са спінкай. Дзіяне шаснаццаць, і, на першы погляд, яна нічым не адрозніваецца ад іншых падлеткаў, але абставіны яе з’яўлення ў сям’і мама Алена без слёз успамінаць не можа.
Родная маці Дзіяны памерла вельмі рана, і дзяўчынка выхоўвалася ў бабулі з дзядулем. Хворая ад нараджэння, яна патрабавала шмат увагі. Клапатлівая бабуля песціла сваю любімую ўнучачку, але з цягам часу злёг дзед, ды і бабка аслабла. Спецыялісты з сектара аховы дзяцінства вырашылі аддаць дзяўчынку ў сям’ю Гарохавых, дзе Дзіяну адразу акружылі клопатам: змайстравалі ў кватэры поручні для больш зручнага перамяшчэння па пакоях, у двары зрабілі месца дзеткам для гульняў. Гэта пастараўся Юрый Гарохаў.
Восем месяцаў прайшло з той пары, як Дзіяна ўпершыню пераступіла парог кватэры Гарохавых. За гэты час дзяўчынка вельмі змянілася, стала больш жыццярадаснай.
– Алена Анатольеўна – выхавацель з вялікай літары, – сцвярджае галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства Ганна Раманенкава. – Яна нераўнадушная да сваіх абавязкаў, не дзеліць дзяцей на сваіх і чужых, любіць і шчыра клапоціцца пра іх. У гэтай сям’і сапраўды ёсць сям’я.
Таццяна САКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у першым радзе (злева направа):
Ала Макарава, Дзіяна,
Алена Гарохава;
у другім радзе (злева направа): Ала і Андрэй.
Фота аўтара.