Счастье Евгении Глазко из Юхновки Докшицкого района — в детях

IMG_4827

У дзяцінстве мала хто марыць быць аператарам машыннага даення ці даглядчыкам цялят, але іншы раз жыццё складваецца так, што, стаўшы на гэту сцяжыну, варочацца назад ужо не хочацца. Вось і Яўгенія Глазко, як многія вясковыя дзяўчаты, паехала пасля школы з Юхнаўкі ў Мінск. Уладкавалася на працу ў дзіцячы садок і была сабой задаволеная. Але захварэла матуля, і каб падтрымаць яе ў цяжкую хвіліну, Яўгенія мусіла вярнуцца ў вёску. А неўзабаве і замуж выйшла. Пайшлі дзеці адзін за другім. Аж шасцярых нарадзілі Яўгенія з мужам, які працаваў у калгасе механізатарам. Яе ж асноўнай работай было выхаванне дзяцей ды догляд за дамашняй жыўнасцю. Гаспадарка была вялікая: тры каровы, статак свіней, куры. З гэтым бы справіцца! Але калі малодшай з чатырох дачок споўнілася тры годзікі, жанчына ўладкавалася на ферму. Праца знаёма з дзяцінства, бо даяркай была маці. А таму хутка набыла навыкі, вопыт, уменне і стала выходзіць у пераможцы спаборніцтваў. Цяпер ужо да яе бегалі дочкі, каб дапамагчы хутчэй справіцца з жывёлай.

Гады праляцелі непрыкметна. Дочкі павыходзілі замуж, ажаніўся сын. Летам мінулага года Яўгеніі Глазко споўнілася 55 гадоў. Вось доўгачаканы перыяд, калі можна ісці на заслужаны адпачынак і заняцца сабой. Ды, як часта бывае, цяжка адарвацца ад любімай справы. З гадамі да яе так прывыкаеш, што інакшым жыццё сваё і не ўяўляеш. Адмовілася ад адпачынку і Яўгенія Васільеўна, хоць дзеці дружна прасілі берагчы сябе. Ды, як сказаў сын Вадзім, гэта яе рашэнне, і на ўгаворы яна не ідзе.
У жыцці часта жанчына ахвяруе сабой дзеля дзяцей. Вось і ў дадзеным выпадку – таксама. Хоча матуля дапамагчы матэрыяльна сваім дзеткам. Яна, канечне, задаволена тым, як складваецца іх жыццё, але ж дадатковая капейка нікому не пашкодзіць, а з пенсіі зрабіць гэта цяжка. Нельга не адзначыць, што дзеці вельмі любяць і цэняць сваю матулю. Дачкі і зяці, сын і нявестка заўсёды дапамагаюць у рабоце на гародзе і ў хаце. А яшчэ я бачыла, з якой цеплынёй глядзеў на яе сын Вадзім. Здаецца ў гэтым поглядзе ёсць усё: любоў, павага, жаль, дабрыня. Неяк прачытала вершы Кастуся Кірэенкі і спынілася ў роздуме над радкамі:

За сусветы зорныя сігаем,
Ведаем, як слаць туды чаўны.
А вось тут нярэдка і не знаем,
Што пра нас падумалі сыны…

У сціплых некрасамоўных словах аднаго з сыноў Глазко схаваны думкі, але яны самі выходзяць на паверхню, калі адчуваеш клопат і душэўную цеплыню да самага блізкага чалавека. А таму, нягледзячы на розныя жыццёвыя цяжкасці, Яўгенія Васільеўна лічыць сябе поўнасцю шчаслівай.

Нэлі МІХАЛЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: Вадзім: “Дзякуй табе, мама, за ўсё”.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *