В госпредприятии «АгроСитцы» Докшицкого района начали доить 5 кг молока от коровы

IMG_5175

«Ніякай дэмакратыі на вытворчасці не павінна быць. Там павінна кіраваць дыктатура тэхналогій і жалезная дысцыпліна, як гэта прынята ў цывілізаваных краінах, у тым ліку на прыватных вытворчасцях», – сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на адной з нарад па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. На яго думку, кіраўнікі прадпрыемстваў павінны ўтрымацца ад скарачэння кадраў, але бязлітасна адносіцца да разгільдзяяў, парушальнікаў дысцыпліны, п’яніц і расхлябаных людзей.

Да нядаўняга часу сітцаўскія каровы нагадвалі добрых коз: у сярэднім давалі ў суткі па 3 з паловай кілаграмы малака. Па выніках мінулага года ў ДП «АграСітцы» надаілі ў сярэднім ад каровы 1800 кілаграмаў малака. Ад такіх паказчыкаў адначасова хацелася плакаць і смяяцца. Ды, мабыць, надакучыла гэта рабіць не толькі рабочым, але і кіраўніцтву дзяржпрадпрыемства. Цяперашні кіраўнік ДП “АграСітцы” Васілій Паўлавіч Самусевіч вырашыў пакласці канец гэтаму саромнаму становішчу. Амаль адразу па прыходзе на пасаду ён сканцэнтраваў увагу на дысцыпліне. Пабываўшы ў кожным працоўным калектыве, дакладна акрэсліў задачы і выказаў патрабаванні: парушальнікаў як працоўнай, так і тэхналагічнай дысцыплін быць не павінна. Па словах Самусевіча, прадпрыемства можа і павінна працаваць на прыбытак, і справа не ў ім, а ў зладжанай працы на станоўчы вынік кожнага члена калектыву.

З усмешкай на твары расказваюць даяркі пра тое, як дырэктар прадпрыемства правяраў іх на “вшивость”. Пасля таго, як аператар машыннага даення аднімала ад каровы апарат і пераходзіла да даення другой жывёліны, ён садзіўся пад карову і даіў яе ўручную. 200-300 грамаў надойваў практычна заўсёды. Тут жа паказваў якасць даення даярцы і матэматычна даказваў, што з 50 кароў такім чынам згублена прыкладна 15 кілаграмаў малака. За дзень, лічы, бітон. А за 30 дзён?

Канечне, раскідвацца кадрамі немэтазгодна. Але толькі ў тым выпадку, калі ў гэтым няма логікі. Згодна з выказваннем Прэзідэнта, расхлябанасці і абыякавасці на вытворчасці быць не павінна.

Не хоча чалавек працаваць, не можа спраўляцца з пастаўленымі задачамі, то няма чаго і за месца трымацца. Зыходзячы з гэтага, у “АграСітцы” ў жывёлагадоўлі ідзе перамяшчэнне кадраў. На сённяшні дзень на чатырох фермах памянялі загадчыкаў. Напрыклад, на МТФ “Курдзекі” абавязкі загадчыка выконвае старэйшая даярка. Ёй стала Сняжана Альхімёнак – жанчына прынцыповая і адказная. І, як вынік, ферма ажыла. У памяшканні парадак, лічы, адмысловы. Гной выдаляецца транспарцёрам, праход пабелены, корм па ім не раскіданы, нават павуціння няма. Жывёлаводы бойка расказвалі пры сустрэчы, што на працу ідуць цяпер з задавальненнем, з радасцю чысцяць у памяшканні, стараюцца надаіць як мага больш малака. Я не стрывала і задала правакацыйнае пытанне:

– Працуеце ў тым жа складзе, а вынікі маеце розныя: за два месяцы бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага павялічылі ў два разы надоі малака. І прыбіраць сталі, і задавальненне, па вашых словах, ад гэтага. А чаму так не працавалі да гэтага часу?

Марыя Грыгаровіч смела адказала:
– Ад кіраўніка ўсё залежыць. Дырэктар у нас бывае часта, зацікаўлена ставіцца да нашых праблем. Загадчыца фермы змянілася. Патрабуе ад нас парадку і якасці малака. Нагрузка большая, але і радасці больш. Я вось ужо сёмы год працую на ферме пасля таго, як атрымала права ісці на льготную пенсію. Да нядаўняга часу думала, што дабываю тут. А цяпер цвёрда ведаю, што яшчэ папрацую.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *