Победительница республиканской олимпиады по белорусскому языку Виктория Чернухо из Докшицкого района — настоящая белоруска
Моладзь выратуе мову. Так лічыць пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове Вікторыя Чарнуха.
Парадаксальна, але вясковая дзяўчынка з Пруднікаў у дзяцінстве размаўляла пераважна на рускай мове. У сёмым класе яна стала навучэнкай СШ №1. Педагогі адразу ўхапіліся за вучаніцу, якая добра паспявала па ўсіх прадметах. Ёй у першы ж год удалося заваяваць дыплом І ступені на раённым этапе алімпіяды па хіміі. Аднак Віка выбрала мову, а мова – яе. Кемлівую вучаніцу прыкмеціла мовазнаўца Марына Казлоўская, і з восьмага класа дзяўчынка мэтанакіравана спасцігае беларускую мову.
Сёлета падчас двухтыднёвых падрыхтоўчых курсаў да выніковага этапу алімпіяды дзевяцікласніца разам з іншымі ўдзельніцамі як звычайна гутарыла па-беларуску. Дзяўчаты, так бы мовіць, практыкавалі сваё маўленне. І калі адна з іх прапанавала перанесці родную мову ў паўсядзённае жыццё, Віка пагадзілася. Чаму б не? Дзяўчынка любіць размаўляць па-беларуску, асабліва з прабабуляй Соняй, якая жыве ў Мількуні. Калі задавала пытанне пра тое, чым бавіць свой вольны час, думала пачуць штосьці банальнае, тыпу “сяджу ўкантакце”, “гартаю стужку фотаздымкаў у інстаграме” – так адказвае большасць сучасных падлеткаў. Аказалася, памылялася. Некалькі месяцаў таму Віка вырашыла, што гэтыя заняткі – марная трата часу і выдаліла ўсе свае старонкі. Абсалютна не шкадуе – часу для чытання стала больш: амаль палову рамана любімага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” адразу прачытала.
Віка сябруе яшчэ і з паэзіяй. Надрукавала свой першы невялічкі зборнічак “Натхнёны ветрам”, які раздала найбліжэйшым сябрам. Цікавіцца і сучаснай беларускай літаратурай, асабліва творамі маладых аўтараў. Ганарыцца сяброўствам з паэтам Алесем Замкоўскім.
Увогуле, вакол Вікі зараз шмат разумных людзей, якія любяць беларускую мову і імкнуцца запаліць агонь любові да яе ў сэрцах іншых. Такім чалавекам з’яўляецца таксама выкладчык курсаў “Мова Нанова” Юрась Каласоўскі, з якім дзяўчынка мае гонар быць знаёмай.
– Удзячна лёсу, што ён зводзіць мяне з людзьмі, якія любяць мову і робяць шмат для таго, каб яна не знікла, – падсумоўвае Віка Чарнуха.
Таццяна САКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: вучаніца 9 класа СШ №1 Вікторыя Чарнуха.
Фота аўтара.