Праздник родной земли прошёл в Ситцах Докшицкого района
На мінулым тыдні культурны праект “З вялікай любоўю да малой Радзімы” завітаў у Сітцы. Мясцовы дом культуры гасцінна сустракаў сітцаўчан і гасцей фэсту. Таямнічасці і загадкавасці мерапрыемству надавала тое, што адбывалася яно ў гістарычным парку, пад магутнымі кронамі дубоў якога на працягу стагоддзяў таксама заўсёды гучала музыка. Шаноўным госцем мерапрыемства была старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.
Мясцовыя арганізатары праграмы па-свойму падышлі да святкавання. Акрамя традыцыйных канцэрта, ушанавання вядомых землякоў і выставы работ таленавітых мясцовых рамеснікаў, культработнікі шмат увагі ўдзялілі добраўпарадкаванню тэрыторыі ля клуба, знешняму і ўнутранаму аздабленню самога будынка. Той, хто завітаў на мерапрыемства, насамрэч, трапіў у сапраўдны кветкавы рай. Наваколле ахутваў пах бэзу, а квітнеючыя архідэі і фіялкі радавалі вока. Творчая выстава “На таленты багатая зямля” распачалася з экспазіцыі кніг мясцовых аўтараў Марыі Ючкавіч і Фёдара Палачаніна. Цікавыя вязаныя, вышываныя, зробленыя з розных іншых матэрыялаў работы прадставілі Алена Іваноўская, Рэгіна Раковіч, Браніслава Хамуляк, работнікі і наведвальнікі Сітцаўскага аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, аб’яднанняў па інтарэсах дома культуры і школы. Адчаканіць манетку прапаноўваў госць з Глыбокага Яўген Канапелька, прадзед якога быў з Курдзек. Шматдзетная сям’я Івана і Ганны Курцоў частавала самаробным сырам, рэцэптамі прыгатавання якога славіцца сітцаўская зямля. Актыўна цікавіліся вяскоўцы і маляўнічымі карцінамі Уладзіміра Пелюха.
Святочная праграма, якая разгарнулася на прыгожа аформленай сцэне, у многіх выклікала настальгію па мінулым. Асновай для яе правядзення культработнікі ўзялі некалі папулярную праграму савецкага тэлебачання “Ад усёй душы”. Атмасфера сяброўства, шчырасці, дабрыні і спагады панавала на працягу ўсяго мерапрыемства. Сярод цікавых гасцей, якіх запрашала на сцэну вядучая Яўгенія Кішыла, былі загадчык вытворчасці спірту Арнольд Смажалюк, кіраўнік ДП “АграСітцы” Сяргей Кучко, драматург Фёдар Палачанін, паэтка Марыя Ючкавіч. Цікавасць у гледачоў выклікаў аповед пра паходжанне вёскі Сітцы, якой сёлета спаўняецца 534 гады. Распавёў яго “Дылетант”, ролю якога цудоўна выканаў старшыня Сітцаўскага сельвыканкама Аляксандр Сташэвіч. Больш падрабязна пра родны край расказала мясцовы краязнаўца, настаўніца гісторыі Тамара Каляга.
Сітцаўская зямля славіцца не толькі таленавітымі працаўнікамі. Цікава, што тут пражывае многа шматдзетных сем’яў. Ордэнам Маці і прэміяй Зінаіды Тусналобавай-Марчанка ўзнагароджаны Ганна Тарасевіч, і Ганна Курэц. Сярод самых актыўных маладых сем’яў, якія ўдзельнічаюць у розных раённых праектах, – Дзмітрый і Марына Гільнічы, Андрэй і Алена Фрол, Мікалай і Кацярына Зайцавы.
Музычнае аздабленне фэсту было створана таленавітымі артыстамі сітцаўскага краю.
НА ЗДЫМКУ: спявае шматдзетная сям’я Зайцавых.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.