Лучший банковский работник в Докшицах

ЛЫЖЫ 074

Сёння нельга ўявіць сабе банк без службы аўтаматызацыі. Забеспячэнне працаздольнасці банкаматаў і інфакіёскаў, работа сістэмы Кліент-банк, а таксама спраўнасць камп’ютарнай тэхнікі ў ЦБП і яго аддзяленнях – гэта ўсё знаходзіцца пад пільным вокам спецыялістаў. Кампетэнтны ва ўсіх гэтых пытаннях галоўны спецыяліст службы аўтаматызацыі ЦБП № 209 філіяла № 216 ААТ “ААБ Беларусбанк” Генадзій Сіўцэвіч (на здымку), які працуе тут 15 год. Па выніках мінулага года ён быў прызнаны лепшым банкаўскім работнікам у раёне.

Генадзія ў нейкай ступені можна назваць “самавучкай”: хоць у школе ён вучыўся вельмі добра, аднак адукацыі па профілі атрымаць не ўдалося.
– Прычына крыецца ў тым, што дзяцінства маё прайшло ў вёсцы, выхоўваўся я ў сям’і жывёлаводаў, бацькі (а яны ў мяне людзі простыя) атрымаць адукацыю не імкнуліся і мяне да гэтага не схілялі, – расказвае Генадзій. – Але пасля заканчэння школы ўсё ж такі паступіў у радыётэхнічнае вучылішча ад завода “Зеніт”, што ў Вілейцы, на рэгуліроўшчыка электрамеханічных і тэхнічных прыбораў. Закончыць установу не далі – забралі на службу ў армію, якая аказалася вельмі цікавай. Спачатку была “вучэбка” ў Анапе (пагранічныя войскі марскіх часцей), затым быў размеркаваны на востраў Шыкатан у штаб засакрэчваючай тэлефоннай сувязі. Мне выпала місія падтрымліваць сувязь з нашымі караблямі, якія знаходзіліся на мяжы з Японіяй. Пасля трохгадовай службы вярнуўся дадому, але давучвацца не стаў. Спачатку займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю – рамантаваў бытавую тэхніку, потым працаваў электрыкам па сігналізацыях у “Ахове”. Але заўсёды было жаданне расці далей у прафесійным плане. А тут якраз пачалася камп’ютарызацыя ды яшчэ і месца вакантнае знайшлося ў банку, якое мне і пашчасціла заняць. Адназначна магу сказаць, што справу, якой займаюся, вельмі люблю і даецца ўсё проста. Напэўна таму, што з самага пачатку было затрачана столькі нерваў і сіл!

Трэба сказаць, што жонка Генадзія Наталля працуе таксама ў гэтым жа банку. Не раз прыходзілася абодвум затрымлівацца на рабоце на некалькі гадзін, а іх сыну і дачцэ чакаць бацькоў тут жа, на рабоце. З-за гэтага некаторыя калегі па працы жартам называлі малых Сіўцэвічаў – “банкаўскія дзеці”. А імі, між іншым, Наталля і Генадзій ганарацца. Пра старэйшага Уладзіслава бацька гаворыць так: “У сваім сыне я імкнуся ўвасобіць сваю мару. Мне не ўдалося атрымаць адукацыю, няхай гэта атрымаецца ў яго. Зараз ён з’яўляецца студэнтам-першакурснікам Беларускага дзяржуніверсітэта радыёэлектронікі і радыёінфарматыкі і ўваходзіць у дваццатку лепшых студэнтаў са свайго патоку”.

Падрастае і дачка. Яна натура творчая: прымае ўдзел у разнастайных канцэртах і мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне. Вераніка і танцуе, і спявае, іграе на цымбалах. І пры гэтым не адстае ад вучобы.

У заключэнне хочацца пажадаць, каб мара Генадзія Іванавіча збылася. А марыць ён пра тое, каб яго дзеці атрымалі добрае выхаванне і адукацыю, сталі прыстойнымі людзьмі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ. 

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *