Главный праздник страны торжественно и ярко прошел в Докшицах + ФОТО
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – вялікае свята, непарыўна звязанае з важнай падзеяй у айчыннай гісторыі, – вызваленнем нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75-годдзе якога адзначаецца сёлета. Гэтае свята – сапраўдны сімвал нацыянальнага яднання, агульнай адказнасці за будучае Беларусі і яе жыхароў, ушанавання памяці ўсіх, хто ахвяраваў сабой дзеля шчаслівага жыцця без вайны, разбурэнняў і страт.
На Докшыччыне святкаванне пачалося напярэдадні, 2 ліпеня, у г.п. Бягомль – з тэатралізаванага прадстаўлення “Партызанскі аэрадром”. Жыхары і шматлікія госці сабраліся на галоўным кругавым скрыжаванні пасёлка каля яго візітоўкі – самалёта ІЛ-14. Вось адчыніліся дзверы і з самалёта паказаўся… лётчык. Прысутныя нібы вярнуліся ў далёкія гады, на партызанскі аэрадром, куды дастаўляліся боепрыпасы, медыкаменты. На гэты раз «прывезлі» лісты салдат з фронту іх родным. Кранальныя радкі, што зачытваў Уладзімір Шчэпін у вобразе лётчыка, нікога не змаглі пакінуць абыякавым. Патрыятычнае шэсце “Беларусь памятае” ўзначальвала моладзь раёна, якая несла вялікае палотнішча з імёнамі нашых землякоў-герояў, воінаў і партызанаў. Да помніка на брацкай магіле былі ўскладзены кветкі. Урачысты мітынг адкрыў старшыня Бягомльскага сельвыканкама Мікалай Трахінін. Словы падзякі ў адрас тых, хто здабываў Перамогу, і цёплыя віншаванні са святам прагучалі з вуснаў старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Якушэўскага. Завяршыўся дзень канцэртнай праграмай “Жыву і дыхаю, мой родны край, табой” і феерверкам.
Самае галоўнае свята краіны ў Докшыцах распачалося з адкрыцця музея імя І. С. Палявога ў сярэдняй школе №1. Далей, па традыцыі, адбылося ўскладанне кветак да помнікаў і абеліскаў у райцэнтры. Калі аўтакалона накіравалася ў Шунеўку для правядзення мітынгу-рэквіему на мемарыяльным комплексе “Праклён фашызму”, распачаўся моцны лівень, нібыта нябёсы раздзялілі боль і смутак людзей на зямлі. Дождж спыніўся перад самым пачаткам мітынгу, а зваротную дарогу ў Докшыцы асвятляла зыркае сонца – як сімвал шчаслівай мірнай будучыні.
Наступны момант свята – урачысты мітынг “Нам жыць і памятаць” на плошчы імя І. С. Палявога. Такія ўрачыстасці не забываюцца і напаўняюць сэрцы гонарам за родную зямлю, яе герояў, за землякоў, што плённай працай, творчасцю, годнымі ўчынкамі славяць Докшыччыну і спрыяюць яе росквіту і дабрабыту. Ляцелі ўвысь звонкія гукі аркестра, магутнай хваляй калыхалася ў моцных маладых руках палотнішча з імёнамі герояў-землякоў, сонца зіхацела на ордэнах і медалях ветэранаў вайны Уладзіміра Бурдыкі, Валянціна Якушэўскага, Ягора Козела, вечнасць застыла ў тварах герояў на фотаздымках, што неслі ўдзельнікі мнагалюднага шэсця “Беларусь памятае”, якое накіравалася да летняга амфітэатра — там свята атрымала свой урачысты працяг.
З прывітальным словам да дакшычан, жыхароў і гасцей раёна звярнуўся старшыня райвыканкама Алег Пінчук.
– Мір, свабода, незалежнасць – гэтыя словы з’яўляюцца галоўнымі, ключавымі ў жыцці кожнага чалавека, – адзначыў кіраўнік раёна. – Пад мірным небам мы будуем жыллё, новыя вытворчыя аб’екты, паляпшаем свой дабрабыт, маем магчымасці развіцця ў самых розных сферах.
Ён выказаў словы падзякі ўсім працоўным калектывам раёна, у асаблівасці – Бягомльскага лясгаса, ВУ “Віцебскторф”, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, завода “Ветразь”, дзе актыўна ўкараняюцца новыя тэхналогіі, будуюцца вытворчыя памяшканні, маецца высокі ўзровень заработнай платы. Адзначыў таксама станоўчую дынаміку ў развіцці такіх сельгаспрадпрыемстваў, як ААТ “Таргуны” і ААТ “Бягомльскае”, падзякаваў усім жыхарам раёна за актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні.
– Ад нас з вамі залежыць стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, усё тое, што заваявана 75 гадоў таму цаной жыцця кожнага трэцяга беларуса, – сказаў напрыканцы старшыня райвыканкама.
Ад імя працоўных калектываў перад прысутнымі выступіў дырэктар ВУ “Віцебскторф” Вітальц Неспляк, ад імя ветэранаў – Уладзімір Бурдыка.
Новай цікавінкай свята стаў агляд-конкурс палявой кухні “Што ў салдата сёння на абед”, да якога працоўныя калектывы, як і заўжды, падышлі адказна і творча. З палатак даносіліся гукі гармоніка, смех, жарты, госці з задавальненнем падхоплівалі песні ваеннай пары ў выкананні самадзейных артыстаў, апранутых у гімнасцёркі, шынялі, белыя медыцынскія халаты, частаваліся паходнымі стравамі. Водар салдацкай кашы, печанай бульбы, прыгатаванай на кастры яечні з салам, юшкі ды наварыстай капусты проста кружыў галовы. Куды там навамодным стравам з духовак, газавых пліт ды мультыварак! Дзе-нідзе прапаноўвалі і “баявыя” сто грамаў. Карацей, жыццё ў “партызанскіх лагерах”, “на прывалах”, “у медсанбатах” кіпела некалькі гадзін на радасць і самім удзельнікам, і гасцям. Водгукі не прымусілі сябе чакаць:
– Не можам не падзяліцца ўражаннямі ад канцэртнай праграмы, наведвання тэматычных пляцовак, – гаварылі былая настаўніца Марыя Працукевіч і былы работнік фінаддзела райвыканкама Валянціна Онухава. – Гэта, паверце, не бурклівасць, але малодшыя пакаленні развучыліся радавацца і быць удзячнымі тым, хто дорыць радасць. Нізкі паклон работнікам культуры за іх старанні, а тое, як прынялі нас у сваіх “лагерах” бытавікі і работнікі аддзела па адукацыі, вышэй за ўсе пахвалы. Дзякуй ім, дзякуй за ўвагу, гасціннасць, за сапраўднае свята.
Пакуль гледачы атрымлівалі задавальненне ад канцэртнай праграмы “Гэта наша зямля. Гэта мы – беларусы”, у парку працавалі гандлёвыя рады, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, якія не спынілі сваёй дзейнасці і ўвечары, асноўнай падзеяй якога стаў святочны канцэрт і падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу палявой кухні.
Месцы сярод удзельнікаў размеркаваліся наступным чынам: у намінацыі “Лепшая салдацкая каша” вызначылася КУП “Бытавік”, другой стала ЦРБ, дыпломы трэцяй ступені атрымалі калектывы ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”. За самую арыгінальную страву былі ўзнагароджаны адпаведна філіял “Докшыцыводаканал”, дзе можна было паспрабаваць ажно пяць відаў каш, ПМК-52 і ААТ “Таргуны”. За лепшае афармленне тэматычнай пляцоўкі перамогу заслужана атрымала каманда РЭСаўцаў, работнікаў энергазбыту і энерганагляду, вызначыліся таксама ТЦСАН і аб’яднаны калектыў хлебазавода і рэдакцыі раённай газеты. Яшчэ ў адной намінацыі – “Лепшая прэзентацыя страў” – пераможцам стаў раён газазабеспячэння, на другім месцы – калектыў райста, дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджаны аддзел па адукацыі.
Адбыліся ў гэты дзень і спартыўныя спаборніцтвы. Аматары спорту, не звяртаючы ўвагі на няўстойлівае надвор’е, спыняліся ля падрыхтаванай для матчавых сустрэч па пляжным валейболе. Згуртавалася пяць каманд – па двое мужчын і адной жанчыне, капітанамі іх абралі дзяўчат. Пясчаныя баталіі гучна падтрымлівалі заўзятары. Лепшымі гульцамі сталі Марына Мядзведзева, Віталь Лямец і Аляксандр Маслакоў.
Завяршылася мерапрыемства традыцыйна ўдзелам у рэспубліканскай акцыі “Спяём гімн разам” і святочным феерверкам.
Алена НЕСЦЯРОНАК.