Какие вопросы интересуют жителей многоквартирных домов в Докшицах?
Гэтыя і іншыя пытанні жыллёва-камунальнага абслугоўвання, а таксама добраўпарадкавання дваровых тэрыторый былі абмеркаваны падчас сустрэч, якія правялі старшыня раённага Савета дэпутатаў, намеснікі старшыні райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, дэпутаты, кіраўнікі адпаведных арганізацый, супрацоўнікі РАНС, МНС і санітарнай службы з жыхарамі шматкватэрных дамоў у Докшыцах і сельскіх населеных пунктах – Таргунах, Барсуках, Порплішчы, Прудніках, Крулеўшчыне, Бярозках, Параф’янаве, Сітцах і гарадскім пасёлку Бягомль.
– Галоўная мэта такіх сустрэч – прыцягнуць увагу жыхароў шматпавярховікаў да навядзення парадку ў дварах, іх добраўпарадкавання, – гаворыць начальнік участка па эксплуатацыі і абслугоўванні жыллёвага фонду РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Святлана Хілько. – Як вядома, сёлета зноў арганізаваны агляд-конкурс на лепшы двор. Летась актыўны ўдзел у ім прынялі жыхары дамоў №№ 8, 11, 12, 16, 30 па вуліцы Школьнай, № 4 па Савецкай. Стараліся не адставаць ад іх дамы № 26 і № 28 па вуліцы Школьнай, а таксама № 1 па вуліцы Ленінскай, № 2 па Чарняхоўскага, № 45 па Палявой. Але, на жаль, не ўсе такія ініцыятыўныя. Пакуль няма зацікаўленасці прыняць удзел у конкурсе ў жыхароў кааператыўных дамоў №№ 40, 46, 48, 50 па вуліцы Палявой, а таксама дамоў № 16 і № 20 па вуліцы К. Маркса і іншых.
– Святалана Барысаўна, якія найбольш тыповыя пытанні гучалі ад жыхароў шматпавярховак падчас сустрэч?
– Гэта рамонт балконаў, даху, ганкаў, замена вокнаў і дзвярэй у пад’ездах і падвальных памяшканнях, а таксама падсыпка, ямкавы рамонт і асфальтаванне дваровых тэрыторый. Зразумела, што выканаць адразу ўсе просьбы мы не можам, улічваючы, што на абслугоўванні ў камунгаса знаходзіцца ажно 155 шматкватэрных дамоў. Пасля праліўных дажджоў у камунгасаўцаў дабавілася клопатаў. Ад насельніцтва прынялі 13 заяў на рамонт даху, які стаў працякаць.
На сённяшні дзень 90 шматкватэрных дамоў патрабуюць капітальнага рамонту. Зараз ён праводзіцца ў доме № 11 па вуліцы Школьнай у Докшыцах з заменай каналізацыі, сістэмы водазабеспячэння, электрыкі ў месцах агульнага карыстання і ўстаноўкай аўтаматычнай сістэмы рэгулявання падачы цеплавой энергіі. Па меры фінансавання паступова будуць рамантавацца і іншыя дамы.
Многія жыхары задавалі пытанні наконт асфальтавання дваровых тэрыторый. Ім было патлумачана, што з-за адсутнасці фінансавання яно ўвогуле не праводзіцца. Аднак магчымасць займець у двары новае пакрыццё ўсё ж такі ёсць. Для гэтага трэба актыўна паўдзельнічаць у конкурсе. За перамогу ў ім будуць выдаткаваны грашовыя сродкі, якія можна выкарыстаць на далейшае добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, у тым ліку і на ўкладку асфальту. Такой магчымасцю ўжо скарысталіся жыхары дамоў № 1 па вуліцы Ленінскай, № 4 па Савецкай і № 11 па Школьнай.
– Магчыма, былі просьбы, якія вылучаліся з агульнага фармату?
– Жыхары дома № 31 па вуліцы К. Маркса прасілі закрыць скразны праезд праз іх дваровую тэрыторыю, які вядзе на вуліцу Даватара. Ужо вырашана ўстанавіць у гэтым месцы падмуркавы блок.
Пакуль адкрытым застаецца пытанне па адводзе вады каля пад’ездаў дамоў №№ 5, 9, 11 па вуліцы Чарняхоўскага. Справа ў тым, што яны пабудаваны ніжэй у параўнанні з дарогай. Таму, калі ідуць моцныя дажджы, вада збіраецца прама ля ўваходу ў пад’езд, трапляе нават у падвал.
Пэўная колькасць пытанняў, якія былі закрануты падчас сустрэч з жыхарамі шматпавярховых дамоў, будзе вырашана ў бліжэйшы час, астатнія аднесены на наступны год.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.