Реконструкцией депо встречают свой профессиональный праздник железнодорожники Крулевщины в Докшицком районе
Заўтра ў Крулеўшчыне вялікае свята. Свой прафесійны дзень адзначаюць чыгуначнікі, дзякуючы якім і з’явіўся на карце гэты населены пункт. З асабліва добрым настроем святкуе калектыў дэпо, у якім зараз актыўна ідзе рэканструкцыя вытворчых магутнасцей.
– Пачалі з самага галоўнага – рамонтнага цэху, у якім лакаматывы праходзяць тэхнічны агляд другога аб’ёму, на нашай мове ТА2, што з’яўляецца адным з галоўных момантаў у дзейнасці абаротнага дэпо Крулеўшчына, – тлумачыць яго начальнік Уладзімір Батура. – Затым будуць заменены ацяпляльныя катлы, якія, дарэчы, з’яўляюцца рарытэтнымі, бо адзін з іх нямецкі, устаноўлены яшчэ ў 1943 годзе, а другі, савецкі, у 1946-м. Чакае рэканструкцыя і будынак, дзе зараз знаходзяцца дом адпачынку для лакаматыўных брыгад і адміністрацыйныя памяшканні.
Прынятае кіраўніцтвам Беларускай чыгункі рашэнне аб рэканструкцыі дэпо сведчыць пра тое, што ў яго ёсць будучае, а значыць, і ў станцыі наогул. Нездарма ж дэпо называюць сэрцам чыгункі, якое забяспечвае работай не толькі свой калектыў, у якім працуюць 70 чалавек, але і абслугоўваючыя службы: так званых вадзянікаў, пуцейцаў і іншыя. Лакаматыўшчыкі, сярод якіх значацца 37 прадстаўнікоў элітнай чыгуначнай прафесіі машыніста і яго памочніка, працуюць кругласутачна, забяспечваючы перавозку пасажыраў і грузаў без зрыву графіка руху, без браку і небяспечных падзей.
Водзяць саставы на перагонах да Лынтуп, Пастаў, Друі, Полацка, Маладзечна, дастаўляючы грузы ў шэсць раёнаў вобласці. У хуткім часе аб’ёмы грузавых перавозак яшчэ больш павялічацца. У Міёрах будуецца завод па выпуску белай бляхі. Не сакрэт, што менавіта гэта акалічнасць і стала падставай для рэканструкцыі дэпо Крулеўшчына, на “плечы” якога лягуць будучыя
вялікія аб’ёмы перавозак. Калектыў да гэтага прафесійна гатовы, бо ў ім, як нідзе, свята захоўваюцца традыцыі, заснаваныя на няўхільным выкананні службовых абавязкаў, строгай вытворчай дысцыпліне, падтрыманні ва ўсім парадку. Гэта бачна нават недасведчанаму ў чыгуначных правілах чалавеку, які хаця б раз пабываў у дэпо. Ідэальная чысціня, як на тэрыторыі, так і ў вытворчых памяшканнях, нават у тых, якім ужо хутка будзе стагоддзе. А казарменны парадак у рамонтным цэху – у шафах, на стэлажах з інструментамі – у непадрыхтаваных грамадзян можа выклікаць поўны шок.
– Па-іншаму нельга. Мы адказваем за бяспеку людзей і грузаў. Слабіна ў адным выклікае вольнасць у другім, і тады… да развітання дысцыпліна, без якой наша работа немагчыма. Яна нялёгкая, не для кожнага, ёй трэба вучыцца не адзін год, але той, хто яе выбірае, застаецца адданым на ўсё жыццё. Нездарма ў нас так шмат прафесійных дынастый машыністаў. У першую чаргу гэта, канечне, Ждановічы. Зараз працуе машыністам Уладзімір
Ждановіч. З дынастый таксама Веніямін і Уладзімір Асоны, Юрый і Ігар Лубачкі, Барыс і Аляксандр Скробуты, Канстанцін і Мікалай Харэвічы, Якаў і Алег Якубоўскія, Станіслаў Багданаў, яго сыны Анатоль і Міхаіл, – пералічвае Уладзімір Антонавіч, які з 1974 года прайшоў шлях на чыгунцы ад памочніка машыніста да кіраўніка. Яго сын, нявестка, пляменнік з жонкай – усе таксама чыгуначнікі!
Так, прафесія гэта бярэ ў палон, не адпускае, яна для сапраўдных людзей, якія ўмеюць працаваць, быць адказнымі. Удзячнасць дзяржавы за гэта – адпаведная: сярэдняя заработная плата ў дэпо, напрыклад, у чэрвені склала 1560 рублёў.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.