Абралі дэлегатаў
На мінулым тыдні, у чацвер, адбыўся раённы сход па выбары дэлегатаў на чацвёрты Усебеларускі народны сход, які адбудзецца 6-7 снежня. Прысутнічалі ўпаўнаважаныя і запрошаныя ад працоўных калектываў раёна. 243 удзельнікі з 247 сабраліся ў кінаканцэртнай зале “Іскра”. Гэта былі прадстаўнікі прамысловасці, будаўніцтва, гандлю (71 чалавек, або 29 працэнтаў), сельскай гаспадаркі (75 чалавек, або 30 працэнтаў), сацыяльнай сферы (69 чалавек, або 28 працэнтаў), іншых сфер дзейнасці (32 чалавекі, або 13 працэнтаў).
Раённым арганізацыйным камітэтам па падрыхтоўцы чацвёртага Усебеларускага сходу былі запрошаны члены раённага выканаўчага камітэта, старшыні пассельсаветаў, кіраўнікі арганізацый.
Вяла раённы сход старшыня раённага арганізацыйнага камітэта, яна ж старшыня сходу па вылучэнні кандыдатур і абранні дэлегатаў, Валянціна Уладзіміраўна Сівіцкая. У рабоце сходу па абранні ўдзельнікаў чацвёртага Усебеларускага форуму прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Алег Леанідавіч Пінчук, генеральны дырэктар сумеснага беларуска-германскага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Марка”, дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Васільевіч Мартынаў. На пачатку работы сходу быў абраны рабочы прэзідыум, аднагалосна зацверджаны парадак дня. На разгляд было вынесена адно пытанне: “Абранне ўдзельнікаў чацвёртага Усебеларускага народнага сходу”. Яшчэ напярэдадні раённага сходу раённым арганізацыйным камітэтам была праведзена пэўная работа па вывучэнні прапаноў ад працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. На абмеркаванне было вынесена 8 кандыдатур удзельнікаў Усебеларускага форуму. Упаўнаважаныя ад раённай грамадскай арганізацыі “Ветэраны” М.І. Усцін, ад раённага вузла электрычнай сувязі В.У. Падцяроб, ад ДП “АграБераснёўка” А.А. Тулоўскі, ад УА “Докшыцкая ДАСШ № 1” Г.М. Шульга выказалі свае меркаванні наконт кожнай з прапанаваных кандыдатур, ахарактарызавалі іх дзейнасць, дасягненні, выказалі ўпэўненасць у тым, што дэлегаты будуць дастойна прадстаўляць наш раён на такім значным форуме.
Раённы сход пасля адкрытага галасавання пастанавіў абраць на чацвёрты Усебеларускі народны сход наступных удзельнікаў: старшыню раённага выканаўчага камітэта А.Л. Пінчука, старшыню райсавета В.У. Сівіцкую, генеральнага дырэктара сумеснага беларуска-германскага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Марка”, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь М.В. Мартынава, дырэктара РУВП “Бягомльскі завод “Ветразь”, дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, дэпутата Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў А.В. Сіўко, дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Гняздзілава-Агра”, дэпутата Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў, дэпутата Крыпульскага сельскага Савета дэпутатаў С.У. Абіралу, настаўніцу УА “Докшыцкая ДАСШ № 1” І.Р. Кірыенка, галоўнага санітарнага ўрача ДУ “Докшыцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” А.М. Прыгажэнка, аператара па адкорме буйной рагатай жывёлы СВК “Таргуны” Л.У. Федарэц.
Напрыканцы сходу старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук адзначыў, што па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў краіне ў чацвёрты раз праводзіцца народны сход. На ім падводзяцца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, вызначаюцца задачы. Алег Леанідавіч выказаў словы ўдзячнасці працаўнікам раёна за дасягнутыя поспехі ў рабоце ў гэтым годзе.
Закончылася мерапрыемства канцэртам мастацкай самадзейнасці лепшых творчых калектываў і салістаў гарадскога Цэнтра культуры, школы мастацтваў, а таксама сельскіх Дамоў культуры.
Людміла ГІЛЬНІЧ.