Павел Герасименок в Докшицком районе строитель и сварщик

dscn0543Жыхар аграгарадка Таргуны Павел Герасімёнак з той рэдкай у наш час кагорты маладых людзей, якія не імкнуцца атрымаць ад жыцця “ўсё і зараз”, а добра разумеюць, што і прафесійныя поспехі, і матэрыяльны дабрабыт дасягаюцца паступова, дзякуючы паўсядзённай карпатлівай працы, набыццю вопыту, жаданню атрымліваць новыя веды і ўдасканальваць майстэрства.

Павел родам з Несцераўшчыны, працуе ва­дзіцелем у Бягомльскім лясгасе. Крыху больш за шэсць гадоў таму ажаніўся, і з жонкай Таццянай вырашылі, што пачынаць сямейнае жыццё трэба самастойна, таму і купілі звычайную вясковую хату ў Таргунах. Можа, жартуе Павел, прасцей было б пабудаваць новую, бо за шэсць гадоў работа па ператварэнні той хаты ў сучасны добраўпарадкаваны дом праведзена вялікая, а гаспадару давялося асвоіць ці не дзясятак будаўнічых спецыяльнасцей. Ён упэўнены: хутка зробленае не можа быць якасным. А таму, загарэўшыся ідэяй, да яе ўвасаблення падыходзіць грунтоўна. Жаданне ўсё рабіць асабіста, сваімі рукамі перадалося, мабыць, ад дзядулі па бацькавай лініі, які быў майстрам на ўсе рукі. А вось практычныя навыкі, слушныя парады і дапамогу атрымлівае ад дзядзькі Анатоля, брата маці.
Што ж зроблена ў Герасімёнкаў за згаданыя ­шэсць гадоў? У доме памяняны дах – памучыўся з ім Павел, давялося здымаць дранку, мяняць форму. Устаўлены новыя вокны, праведзена вада, абсталяваны санвузел, ванны пакой. Унутры зроблена перапланіроўка і праведзены ўсе неабходныя аддзелачныя работы. Паралельна з гэтым малады гаспадар займаўся і падворкам: устанавіў арыгінальную агароджу, упрыгожыў двор цэментаванымі дарожкамі, нават цяпліца з полікарбанату ў яго на бетонным падмурку. Змайстраваў арэлі, хутка закончыць будаўніцтва альтанкі. Узвёў гараж з блокаў, камфортны і сучасны, з ямай для рамонту аўтамабіля.
Павел адзначае, што, хоць і з радасцю бярэцца за любое будаўніцтва, найбольш падабаецца яму працаваць з жалезам: сам зварыў прычэп да мотаблока, прыгожыя апоры для ружаў, зараз робіць барану. У будучым, калі стане вальнейшым ад будаўнічых работ, збіраецца прысвяціць больш часу менавіта гэтаму роду дзейнасці. Але, адзначае, наступіць гэта, мусіць, не хутка, бо ў планах рупліўца ўзвесці лазню, зрабіць варыўню, пашырыць двор і яшчэ шмат чаго. Сілы чэрпае ў задавальненні ад таго, што задуманае ўвасабляецца ў жыццё, у падтрымцы і добрых словах родных, у радасці, што жыве з сям’ёй не ў казённых сценах, а ў доме, дзе ўсё з любоўю зроблена і сагрэта цеплынёй яго рук.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *