Платные услуги предлагает ТЦСОН в Докшицком районе
Галоўная мэта дзейнасці Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльных паслуг – аказанне дапамогі грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Часцей за ўсё людзі звяртаюцца за сацыяльна-бытавой дапамогай. Права на яе атрыманне маюць непрацаздольныя грамадзяне, інваліды І і ІІ груп, непрацуючыя ўзростам ад 60 гадоў і старэй, якія атрымліваюць дзяржаўную пенсію. Больш падрабязна пра гэта ў гутарцы з загадчыкам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Данутай Лявоха.
– Данута Вацлаваўна, якія асаблівасці існуюць у аказанні сацыяльных паслуг?
– Калі да нас звяртаецца чалавек, у першую чаргу, мы папярэджваем яго, што існуе пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг, а ёсць шэраг работ, якія дадаткова аплачваюцца. У гэтым пераліку 165 відаў. Акрамя гэтага, ёсць нормы і нарматывы забяспечанасці грамадзян сацыяльнымі паслугамі. Напрыклад, пакупка і дастаўка на дом прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў першай неабходнасці можа выконвацца сацыяльным работнікам тры разы на тыдзень. Вага набытага не павінна перавышаць сем кілаграмаў. Дастаўка вады для тых, хто пражывае ў жылых памяшканнях без цэнтральнага водазабеспячэння, ажыццяўляецца тры разы на тыдзень і ў колькасці не больш за 20 літраў.
– Якія з платных паслуг самыя запатрабаваныя?
– Сёлета з пачатку года 84 пенсіянеры звярталіся да нас па дапамогу ў замене электраправодкі ва ўсім доме, устаноўцы разетак, выключальніка, свяцільніка. Больш за 70 чалавек атрымалі дапамогу ў распілоўцы дроў, шчапанні і складзіраванні. Шмат зваротаў было наконт абкошвання прысядзібных участкаў. З вясны і да глыбокай восені гаспадарчая брыгада аказвае дапамогу і ў іх апрацоўцы. У шэрагу платных паслуг ёсць выкананне касметычнага рамонту жылля, размарозка халадзільніка, мыццё і прасаванне бялізны, сарціроўка рэчаў у шафе. Дапамагаюць нашы работнікі і ў кансервацыі садавіны і гародніны, разборцы старых пабудоў. Пазнаёміцца з усім спісам паслуг можна ў нашым аддзяленні па адрасе: г. Докшыцы, вул. Школьная, д. 17.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.