«В профессию билет не купишь», — считает Галина Шугальская из Докшиц
Бадай, у кожнага з нас у жыцці ёсць свой Настаўнік – чалавек, на якога хочацца раўняцца, быць падобным у школьныя гады, чыя мудрасць дапамагае вызначыцца з выбарам далейшага жыццёвага шляху, пра каго ўспамінаецца пры вырашэнні нейкай задачы ці праблемы: “А як бы ён ацаніў гэты ўчынак?”, да каго спяшаешся на сустрэчу з радасцю, хваляваннем і абавязкова – з кветкамі.
У гэтага педагога з вялікай літары сотні ўдзячных вучняў, спіс якіх прадаўжае папаўняцца, бо настаўнік ад Бога былым не становіцца. Яна падрыхтавала дзясяткі пераможцаў раённых і абласных алімпіяд па матэматыцы, з’яўлялася для калег прыкладам працавітасці, эрудыцыі, прафесіяналізму і адданасці прафесіі. Сённяшні тузін пытанняў напярэдадні прафесійнага свята – Галіне ШУГАЛЬСКАЙ.\
Галіна Пятроўна, ці была ў Вашым жыцці падзея, якая вызначыла далейшы лёс?
– Падзеі не было – быў чалавек. Гэта мой настаўнік матэматыкі Аляксандр Станіслававіч Цыялкоўскі. Яшчэ ў малодшых класах палюбіла матэматыку, а затым і іншыя дакладныя навукі – фізіку, хімію. Дзякуючы майму дарагому настаўніку любоў гэта яшчэ больш узмацнілася, як і перакананне ў тым, што хачу сама выкладаць гэты прадмет. Кажуць, у прафесію білет не купіш. Таму як важна, калі ты яшчэ ў школе можаш вызначыцца, да якой справы не проста ляжыць твая душа, але і ці зможаш ты гэтым займацца годна, талкова, прыносіць карысць – знайсці дакладна сваё месца ў жыцці. На маё вялікае шчасце, я не памылілася з выбарам.
Работа для Вас – кар’ера ці справа?
– Магчымасцей у маім жыцці для пэўнага кар’ернага росту было шмат. Дзесяць гадоў працавала ў раённым аддзеле адукацыі метадыстам, інспектавала выкладанне матэматыкі. Пасля адкрыцця сярэдняй школы № 2 чатыры гады была там намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Толькі ніколі не было ў мяне імкнення дасягнуць нейкіх кар’ерных вышынь, атрымаць вышэйшую пасаду. Работа заўжды была на першым месцы, а таксама жаданне не проста працаваць, а з найбольшай самааддачай. Таму і прыйшла пасля ў сярэднюю школу №1 настаўніцай, дзе атрымлівала задавальненне ад работы і радасць ад удзячнасці вучняў і іх бацькоў. Не па пасадзе цябе памятаюць, а па тым, які ты чалавек і спецыяліст.
Як лічыце, у якой яшчэ прафесіі маглі б сябе рэалізаваць?
– У медыцыне. Яна вабіла мяне не менш, чым матэматыка, але стаць урачом перашкодзілі жыццёвыя абставіны. У бацькоў нас было шасцёра, мама хварэла, таму пра медыцынскі інстытут я і не магла марыць: трэба было хутчэй, як кажуць, станавіцца на ногі, пачынаць зарабляць на ўласны хлеб. Пайшла піянерважатай у Ветахмоўскую школу, затым чатыры гады адпрацавала ў Сітцаўскай, дзе што толькі не даводзілася выкладаць. Прафесія настаўніка, паўтаруся, мне падабалася, таму без ваганняў звязала з ёй сваё жыццё і ні разу аб гэтым не пашкадавала.
Прадоўжыце, калі ласка, выказванне: мая сям’я – гэта …
– … самае дарагое, што ў мяне ёсць. Лічу, што чалавек без сям’і не можа быць шчаслівым, бо побач з табой заўжды павінен быць хтосьці, хто зробіць шчасце поўным, шматгранным. Чалавек без сям’і – гэта як дрэва без каранёў, палісаднік без кветак, калодзеж без вады. Сама вырасла ў вялікай сям’і, з маленства пачала разумець, як важна адчуваць побач роднае плячо і самой быць для кагосьці падтрымкай. Дзякую богу за свой лёс, у якім усё склалася добра ў галоўным: сям’і і прафесіі.
Мы з мужам Віктарам Вікенцьевічам разам ужо 37 гадоў, нам добра і цікава ўдваіх, маем шмат агульных інтарэсаў. Не так даўно павянчаліся. Не па традыцыі, а таму, што займелі ў вянчанні духоўную патрэбу, асэнсавана прыйшлі да гэтага кроку. Шчасце мацярынства – таксама вялікае шчасце. Мы вырасцілі траіх дзяцей, цешымся чатырма ўнукамі. Магчыма, хтосьці мне запярэчыць, але лічу, што самае галоўнае ў сям’і – гэта любоў, згода, павага і ўзаемаразуменне паміж мужам і жонкай. Тады дзеці будуць расці шчаслівымі, ды і найлепшае выхаванне, даўно вядома, на ўласным прыкладзе.
Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
– Ад мамы – быць дзецям не проста мамай, а сяброўкай, каб яны не баяліся падзяліцца ўсім і атрымаць у адказ замест добрых парад і падтрымкі строгія павучанні і дакоры. Яшчэ ад яе навучылася любіць і цаніць людзей, несці ім пазітыў і дабрыню. Мае бацькі былі працавітымі і старанна выхоўвалі гэту рысу ў нас, дзецях. Ад таты мне дасталася ў пэўнай ступені строгасць і мэтанакіраванасць. Увогуле мае бацькі ўдала дапаўнялі адзін аднаго і цудоўным чынам, так бы мовіць, трымалі ў абцугах, накіроўвалі ў патрэбным напрамку нас, а былі мы ўсе актыўнымі, з моцнымі характарамі, кожны са сваім пунктам погляду. Любоў да ведаў, да літаратуры прывілі нам таксама тата з мамай – яны шмат чыталі і давалі парады нам, што варта абавязкова прачытаць.
Які сэнс Вы ўкладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?
– Не буду арыгінальнай: радзіма там, дзе карані. Для мяне гэта Докшыцы, дзе я нарадзілася, і вёска Мацееўцы, дзе прайшло дзяцінства, памятнае і шчаслівае тым, што вёска тая была адной сям’ёй, што вакол былі неабыякавыя людзі, што мы, дзеці, жылі агульнымі інтарэсамі, гульнямі, справамі, а не сядзелі адасоблена кожны са сваім смартфонам. Цудоўная пара, светлыя, шчымлівыя ўспаміны… Нават калі лёс занясе цябе потым кудысьці далёка, радзіма да скону жыве ў тваім сэрцы. Інакш ты зусім чэрствы чалавек – так мне здаецца. Адарвацца ад радзімы або свайго дома лягчэй у юным узросце. У сталым – дастаткова балючы працэс. Гэта як перасадзіць у іншае месца старое дрэва. У прыродзе, у жыцці ўсё разумна. Стагоддзі ляцяць, а гэта – вечнае.
Які ён, свет Вашых захапленняў?
– Ведаеце, сваю прафесію я магу назваць адначасова і захапленнем. Па-ранейшаму, хоць і знаходжуся ўжо на заслужаным адпачынку, я ў палоне магіі лічбаў. Стараюся не губляць кваліфікацыі, бо яшчэ працую з вучнямі, толькі ўжо індывідуальна. Таму рашаю, рашаю і рашаю, і атрымліваю ад гэтага задавальненне.
Як, напэўна, большасць жанчын, люблю ствараць у доме камфорт і прыгажосць. Па-за домам таксама. Кветкі – на догляд за імі не шкада ні сіл, ні часу. Вельмі люблю чытаць. Чаму аддаю перавагу жанрава, сказаць складана. Ды гэта і не мае значэння, калі твор таленавіты і адметны, калі кранае душу і прымушае думаць, разважаць, асэнсоўваць.
А яшчэ я захапляюся… людзьмі. Сустрэчы з сябрамі, ці гэта бяседы з нейкай нагоды або без, ці агульныя справы, ці сумесныя падарожжы, – яны заўсёды дораць радасць ад зносін, даюць зарад бадзёрасці, пазітыву.
Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
— Героі ёсць заўсёды, адрозніваецца толькі мера таго гераізму. Нізка схіляю галаву перад подзвігам нашага народа ў гады вайны, калі асобныя яго прадстаўнікі дэманстравалі цуды гераізму. Зараз вайны няма, і ў агульнапрынятым сэнсе здзейсніць подзвіг, напрыклад, вынесці дзіця з пажару ці яшчэ па якой прычыне рызыкаваць жыццём дзеля высокай мэты ёсць магчымасць далёка не ў кожнага.
Але калі і не подзвіг, то ва ўсялякім разе геройства праяўляюць тыя, хто кожны дзень непрыкметна працуе, аддаючы людзям усяго сябе. Гэта вялікія прафесіяналы, апантаныя бязмернай любоўю да выбранай справы. Я заўсёды патаемна хацела хаця б крышачку на іх быць падобнай. Маю на ўвазе урачоў Уладзіміра Міхайлавіча Будзько, Васіля Васільевіча Малючэнку, Наталлю Іванаўну Чумак, а яшчэ настаўнікаў з вялікай літары: Уладзіміра Пятровіча Арцімёнка, Ванду Іосіфаўну Сяліцкую, Кацярыну Міхайлаўну Малючэнка.
Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?
– Не ўяўляю свайго жыцця без сяброў! Гэта ж атрымліваецца, што ты нікому не цікавы і цябе ніхто не цікавіць, што твой дом не хлебасольны, што ты не ўмееш цаніць і любіць людзей. Нашы сяброўскія адносіны з цудоўнымі сем’ямі Будзько, Сяліцкіх, Кучко, Гарадзёнкаў доўжацца па 30-40 гадоў, правераны часам і выпрабаваннямі. Гэта для нас з мужам ужо родныя людзі, вобразна кажучы, сябры з клічнікам. Удзячна лёсу за гэтых людзей у нашым жыцці, а таксама за многіх іншых – калег, прыяцеляў, з кім прыемна і радасна сустракацца, мець зносіны.
Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінен валодаць сапраўдны мужчына? Што ў ім не прымаеце?
– Катэгарычна не прымаю п’янства. Яшчэ практычна немагчыма перажыць здрадніцтва ў самым шырокім яго сэнсе. Адпрэчвае жорсткасць і маладушша. А вось калі мужчына хаця б напалову разумее псіхалогію жанчыны, упэўнена: ён будзе добрым бацькам, мужам і сынам, бо з гэтым разуменнем развіваюцца ў ім самыя лепшыя чалавечыя рысы.
Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?
– Складанае пытанне. На маю думку, не можа. Бо, падаецца, менавіта на любові трымаецца ўсё на свеце: будуюцца адносіны ў сям’і, выхоўваюцца дзеці, дзякуючы ёй больш ярка праяўляюцца іншыя прыгожыя і светлыя чалавечыя рысы. Шчасце – паняцце шматграннае. Магчыма, хтосьці лічыць сябе шчаслівым і не кахаючы, і не будучы каханым, але… але ж як шмат ён страчвае!
Вашы любімыя музыка, літаратурны твор, страва, колер, пара года?
– сучасная эстрада, калі ў песнях добрыя тэксты;
– у юнацтве ўразілі “Собор парижской Богоматери” Віктора Гюго, “Поющие в терновнике”. Люблю паэзію Канстанціна Сіманава, Сяргея Ясеніна;
– клёцкі з душамі;
– белы і чырвоны;
– зіма – з марозікам і сонцам, іскрыстым інеем, завірухай.
Гутарыла Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.