«Как докшичане ухаживают за питомцами» — рассказывает владелица магазина «Ника Плюс»
З 2007 года ў Докшыцах працуе крама “Ніка Плюс”, якую ведаюць усе, хто мае катоў, сабак і іншую хатнюю жывёлу. Мы сустрэліся з уладальніцай крамы дакшычанкай Веранікай Ярыжанец, каб даведацца пра тонкасці такога бізнесу і пра тое, чым лепш карміць братоў нашых меншых.
— Чаму вы вырашылі адкрыць менавіта такую гандлёвую кропку?
— Я проста люблю жывёлу. І ўсё жыццё, колькі я сябе памятаю, яна ў мяне была. Калі сама працую як прадавец, вельмі люблю размаўляць з пакупнікамі і слухаць пра гадаванцаў, іх звычкі, прыхільнасці ў ежы. Некаторых сабак і кошак сваіх кліентаў ведаю нават па імёнах.
— Ці задавальняе Вас попыт на вашы паслугі? Усё ж такі наш горад невялікі, і было б выгадней адкрыць краму дзе-небудь з большым патокам пакупнікоў.
— Канешне, заўсёды хочацца лепшага і большага, але мы не скардзімся. Для такога населенага пункта, як Докшыцы, паток кліентаў нармальны. Некаторыя пакупнікі прыязджаюць да нас спецыяльна з вёсак, з Бягомля.
— Тавары для якіх жывёл вы прадаяце?
— Гэта і кошкі, і сабакі, і папугаі, і хамякі, і трусы. У нас ёсць корм для ўсіх жывёл, клеткі, аксесуары, цацкі, прысмакі. На корм, канешне, попыт найбольшы, таму што карміць жывёлу патрэбна штодзённа, а той жа клеткі для папугая хапае на некалькі гадоў. Адзінае, што мы не прадаем, — гэта вопратку, бо для кожнай жывёлы трэба індывідуальна падбіраць памер.
— Давайце пагаворым пра кармы.
— Прадаем кармы эканом- і прэміум-класа. Прэміум, канешне, купляюць менш за эканом. Калі мы толькі пачыналі працаваць, прадавалі толькі эканом-корм, а цяпер летам у Докшыцы сталі прыязджаць адпачывальнікі са сваімі гадаванцамі — і з’явіўся попыт на кармы прэміум-класа. У асартыменце ёсць Purina, Royal Сanin, Bosсh. Прадаём таксама і беларускія кармы брэндаў Rex і Petboom. Калі пакупнік хоча набыць штосьці канкрэтнае для пэўнай пароды, а ў краме гэтага няма, прывозім пад заказ. Бывае, фірма прапануе тавар па акцыі, тады і мы рэалізуем яго па зніжанай цане. Усе кармы, якія паступаюць у краму, маюць сертыфікат бяспекі.
Свайму кату пароды мэйн-кун Вераніка Ярыжанец купляе нямецкі корм Bosch, але лічыць, што нават танныя кармы эканом-класа лепшыя для жывёл, чым харчаванне з гаспадарскага стала.
— Часам кліенты просяць пракансультаваць іх па ветэрынарных пытаннях, але патрэбнай адукацыі для гэтага ў мяне няма. У такіх выпадках я проста даю ім кантакты бліжэйшай ветэрынарнай клінікі, якая знаходзіцца ў Глыбокім. Калі казаць пра пародзістых жывёл, то ў кожнай пароды свае слабыя месцы, свае хваробы. Існуюць кармы для пэўных парод, якія вырабляюцца з улікам уласцівых ім асаблівасцей. Пры гэтым харчаванне, напрыклад, Kitekat’ам, будзе больш збалансаваным і здаровым для вашай кошкі, чым калі б вы яе кармілі тым, што ясьце самі. Але рашэнне, як даглядаць за жывёлай, прымае гаспадар, мы толькі дапамагаем яму.
Настасся ФЕШЧАНКА.
Фота аўтара.