Плотник-бетонщик Докшицкой ПМК-52 Леонид Кедо – специалист высокой квалификации

img_2442Сённяшнім часам на рынку працы будаўнікі розных спецыяльнасцей – адны з самых запатрабаваных. У іх маюць патрэбу дзяржаўныя арганізацыі і прыватныя фірмы, іх чакаюць будоўлі ў суседніх краінах. І не сакрэт, што многія рызыкнулі паспрабаваць іншаземнага хлеба. Адны там шчыруюць і па сённяшні дзень, іншыя, зарабіўшы капейку, вярнуліся назад, ёсць і трэці, не зусім зайздросны варыянт. Як кажуць, кожнаму сваё.
А вось цясляр-бетоншчык ПМК-52 Леанід Кеда, спецыяліст высокай кваліфікацыі і багатага вопыту, так і не адважыўся шукаць лепшае за тое, што мае. Згодны з вядомай прымаўкай, што ўсюды добра, дзе нас няма. У ПМК зараз ён ужо старажыл. Без малога трыццаць гадоў завіхаецца на будаўнічых рыштаваннях.

У 1990-м змяніў прафесію вадзіцеля на будаўнічую таму, што вярнуўся з горада, дзе жыў да таго часу, ажаніўся з дакшычанкай і меркаваў атрымаць дзяржаўную кватэру. У будаўнічых арганізацыях тады гэта было нескладана. Але паспеў атрымаць толькі інтэрнат, як рухнуў Саюз, а з ім і ўсе надзеі. Затое, жывучы ў інтэрнаце, яны з жонкай давялі да ладу бацькоўскую хату ў Камайску і зараз задавольваюць там адвечную цягу селяніна да зямлі. А новая прафесія стала яго на ўсё астатняе жыццё. На асабістым рахунку Леаніда Кеды будаўніцтва практычна ўсіх кааператыўных шматпавярховікаў у райцэнтры і Бягомлі, водна-аздараўленчага цэнтра, жывёлагадоўчых комплексаў, стаматалагічнай паліклінікі і іншых аб’ектаў, якія ён, як мантажнік, пачынае ўзводзіць, і, як бетоншчык, заканчвае ўкладкай пляцовак і пешаходных дарожак.
Зараз са сваёй брыгадай займаецца добраўпарадкаваннем апошняга здадзенага кааператыва. У брыга­дзе ўсе маладыя хлопцы: Мікалай Найдзяновіч, Валера Маісеенка, Васіль Вайцяховіч, Раман Карніловіч і Антон Чачуковіч. З іх толькі Раман заканчваў прафесійны ліцэй, астатнія – вучні Леаніда Канстанцінавіча. Назіраючы за тым, як акуратна, зладжана працуюць бетоншчыкі, забываеш, што іх работа патрабуе значнай фізічнай аддачы. Нялёгка лапатай планіраваць цяжкі бетон, які выкідвае на будучую дарожку міксер. Управіўшыся, пускаюць раўнаваць вібрарэйку, астатняе дарабляе не па-восеньску цёплае надвор’е.
– Леанід Канстанцінавіч – гэта той работнік, які з месяца ў месяц выконвае нормы выпрацоўкі, – зазначае майстар Уладзімір Грыцкевіч, што ўзначальвае ўзгаданую брыгаду. – Астатнія рабочыя раўняюцца на яго. Гэта працаўнікі, якіх не трэба падганяць, кантраля­ваць. Атрымліваюць заданне і добрасумленна працуюць над яго выкананнем, а не выкручваюцца, не прыдумляюць прычыны, каб толькі не рабіць, як часам бывае. Адбываецца гэта, лічу, таму, што моладзі ёсць з каго браць прыклад.
Самаадданая, шматгадовая праца Леаніда Кеды не раз адзначалася рознага кшталту ўзнагародамі. Яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: брыгада бетоншчыкаў на добраўпарадкаванні тэрыторыі новабудоўлі ў райцэнтры; на пярэднім плане цясляр-бетоншчык Леанід Кеда.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *