На МТФ «Морговица» АОА «Бегомольское» в Докшицком районе началась новая жизнь

Даглядчыца Лілія Радзюк са сваімі гадаванцамі.

Даглядчыца Лілія Радзюк са сваімі гадаванцамі.

З увядзеннем у строй малочнатаварнага комплекса “Бягомль” у ААТ “Бягомльскае”, дзе даільная зала разлічана на 600 галоў кароў, пэўныя змены закранулі іншыя МТФ гаспадаркі. Найбольш – ферму “Маргавіца”, дзе буйной рагатай жывёлы ўжо няма. Як вядома, зусім побач з фермай распачата будаўніцтва аграэкасядзібы. Каб забяспечыць будучых яе наведвальнікаў экалагічна чыстым мясам, яйкамі, можна сказаць, дамашняй прадукцыяй, на “Маргавіцы” арганізавалі падсобную гаспадарку.
На догляд за ёю пера­кваліфікаваліся аператары машыннага даення Лілія Радзюк і Святлана Шыванава. Жанчыны працуюць пазменна: адна да абеду, другая пасля. Падчас нашага прыезду на рабочым месцы засталі Лілію Іванаўну, якая прыязна згадзілася распавесці пра сваю клопатную гаспадарку і правесці экскурсію па былых кароўніках, рэканструяваных пад утрыманне птушкі, трусоў, коней і авечак.
– У нашы абавязкі ўваходзіць кармленне жывёлы і падтрыманне чысціні ў памяшканнях, – паведаміла даглядчыца. – Пакарміць усіх шматлікіх жыльцоў часу асабліва не займае, а вось на навядзенне парадку аддаём нямала сіл: усё-такі плошчы немаленькія, жывёла і птушка знаходзяцца не на мяккім подсціле. Завяршыў работу ў адным канцы – пачынай спачатку.
Праўдзівасць гэтых слоў пацвярджалі як знешні выгляд насельнікаў фермы, так і чысціня, якую можна бачыць толькі ў хлявах самых руплівых і старанных гаспадароў. Сцены, столь, перагародкі, праходы – усё пабелена. Вымецена чысцютка. Пры ўваходзе першай нас прывітала стракатая курыная ватага – галоў дзвесце. Налічылі ці не дзевяць пеўняў, якія, на дзіва, жывуць між сабой дастаткова мірна. Для птушак зроблены акуратныя седалы, а таксама ячэйкі, каб несціся. Адразу заўважым, што з кожнай секцыі, як у птушак, так і ў жывёлы, ёсць выхады на прасторныя выгульныя дворыкі. У гусей, якіх там зараз два дзясяткі, нават нешта накшталт сажалкі маецца.
Індыкоў на ферме таксама шмат. Лілія Іванаўна распавяла, што птушак ім давялося вырошчваць з малечы, а той, хто разво­дзіў індыкоў, ведае, якія кволыя і патрабавальныя яны да ўмоў кармлення і асабліва ўтрымання ў маленстве. Так што жанчынам, як гаворыцца, “рэспект”: новую справу асвоілі на выдатна. Як і догляд за трусамі, якіх, прызнаецца Лілія Іванаўна, яны з калегай дома ніколі не трымалі.
Коней і авечак даглядчыцы кормяць сенам, даюць таксама камбікармы, вытворчасць якіх у гаспадарцы наладзілі нядаўна, сочаць, каб у спецыяльных ёмістасцях заўжды было ўдосталь чыстай вады. Зараз мяса і яйкі з падсобнай гаспадаркі рэалізуюцца ў сталіцы па добрай цане.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *