В ОАО «Торгуны» Докшицкого района состоялась празднование Дня работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности АПК
Сёлета святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК адзначана запамінальнай падзеяй. Шэраг працаўнікоў-аграрыяў за важкі ўклад у развіццё галіны ўзнагароджаны юбілейным медалём “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі”.
Уручаючы ўзнагароду ў ААТ “Таргуны” знакамітаму старшыні калгаса “Зара камунізму” Уладзіміру Новікаву, не менш вядомаму ў рэспубліцы камбайнеру Мікалаю Маскалёнку, сённяшнім перадавікам вытворчасці механізатару Вячаславу Аніковічу, аператару машыннага даення Наталлі Гаўрыловіч, старшыня райвыканкама Алег Пінчук павіншаваў віноўнікаў урачыстасці з прафесійным святам, адзначыў той важкі ўклад, які кожны з іх унёс у развіццё сельскагаспадарчай галіны краіны.
– На такіх людзях, адданых выбранай справе, якой вы шчыра і добрасумленна служыце ўсё жыццё, трымаецца дабрабыт нашай краіны, – адзначыў кіраўнік раёна. – Жадаю вам моцнага здароўя, жыццястойкасці і аптымізму. Няхай у вашым жыцці будзе ўсё добра, вы таго заслужылі.
Узорам для сённяшніх аграрыяў назвала працоўнае жыццё ўзнагароджаных начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Вараб’ёва. Уладзіміра Мяфодзьевіча Новікава яна лічыць сваім Настаўнікам, дзякуючы якому і адбылася ў прафесіі. У гэтага ж кіраўніка рабіў першыя крокі ў сельскагаспадарчай галіне і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч. Ён таксама павіншаваў герояў дня з узнагародай, выказаў ім шчырую падзяку за шматгадовую добрасумленную працу. Цёплыя віншавальныя словы пачулі яны і ад дырэктара ААТ “Таргуны” Віктара Родзіча.
Юбілейны медаль “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі” атрымаў таксама і брыгадзір МТФ “Дзядкі” ДП “АграСітцы” Канстанцін Чарапачэвіч, якому ўзнагарода была ўручана таксама напярэдадні прафесійнага свята.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.