С Рождеством Христовым!
Нашы сэрцы азораны вялікай радасцю – Гасподзь наш Ісус Хрыстос зіхаціць усяму свету промнямі Каляднай зоркі.
Евангеліст Лука расказвае, як быў перапоўнены Віфлеем: шмат людзей прыбыло ў горад Давідаў для перапісу. Святая сям’я не змагла знайсці свабоднага месца ні ў гасцініцах, ні ў дамах жыхароў горада, таму прыйшлося спыніцца ў пячоры, дзе ў непагадзь пастухі трымалі авечак. Менавіта там нарадзіўся Цар і Гасподзь. Гэта прастата адрознівае ўмовы і акалічнасці Нараджэння Хрыста, якія сведчаць пра сціпласць, цішыню і пакору. З імі Сын Божы ўвайшоў у свет.
Прыгадваючы падзеі Каляднай ночы, мы разумеем, што не толькі
ўсходнія мудрацы і віфлеемскія пастухі глядзелі ў неба і чакалі Збаўцу. Нябёсы таксама з надзеяй углядаліся ў людзей. Калі сустрэліся погляды сыноў чалавечых і Веснікаў Божых, тады і людзі, і “шматлікае воінства нябеснае” адзіным сэрцам заспявалі песню хвалення: “Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір”.
Вестку пра Нараджэнне пачулі ад Анёла Гасподняга пастухі, якія першымі пакланіліся Ісусу. Цудоўная Калядная зорка з’явілася на небе, калі нарадзіўся Збаўца. Святая царква запрашае нас прыступіць да віфлеемскіх ясляў, пакланіцца Боганемаўляці Хрысту і ўсхваліць Яго разам з анёльскімі сіламі.
Свята Нараджэння Хрыста – гэта свята міру, любові, яднання, браталюбнасці. Святы праведны Іаан Кранштадскі прыводзіць словы свяціцеля Рыгора Ніскага: “Ты павінен пагашаць нянавісць, спыняць варожасць і помсту, знішчаць сваркі, выганяць крывадушнасць і замест іх несці любоў, радасць, мір, дабрыню, велікадушнасць”.
Такімі павінны быць мы з вамі, браты і сёстры, як дзеці Святой Праваслаўнай Царквы. Бо Царква з’яўляецца апорай, асновай высокіх прынцыпаў праваслаўнай маральнасці.
Дарагія браты і сёстры! З любоўю і радасцю віншую ўсіх з вялікім святам Нараджэння Хрыста і Навалеццем! Заставайцеся ў духоўным і цялесным здароўі, у радасці пра Госпада, пра Яго Прачыстую Маці, пра ўсіх угоднікаў Божых. Захоўвайце нязменна мір у вашых сэрцах і душах, маліцеся, наведвайце храм Божы, выхоўвайце дзяцей у любові да Святой Царквы і Радзімы.
Гасподзь, па веры нашай, прыме і працу нашу, і малітву, і ўзнёслую Яму хвалу: “днесь Христос в Вифлееме рождается от Девы…”. Мы же непрестанно вопием: слава в вышних Богу, и на земли мир, во человецех благоволение’’ (ЛК. 2,14).
протаіерэй Леанід Страха,
в. а. благачыннага
Докшыцкай царкоўнай акругі.
Фота Я. Малевіч.