Как поздравляли аграриев с Новым годом в Докшицком районе

msh-uborka-novПрамільгнуў-праляцеў чарговы год. У кожнага з нас пра яго засталіся свае ўспаміны. І, напэўна, кожны чалавек, колькі б яму ні было гадоў, які б сацыяльны статус ён не меў, не жадае заставацца ў баку ад самага яркага і чароўнага свята на нашай планеце.
Мабыць, не будзе памылкай сцвярджаць, што работнікі сельскай гаспадаркі святочнымі днямі асабліва не распешчаны. Механізатары, вадзіцелі, “вальней дыхаюць” толькі зімой, калі заканчваецца марафон “сяўба-корманарыхтоўка-жніво-сяўба”, жывёлаводы не расслабляюцца ніколі, бо кармленне жывёлы і даенне кароў выхадных не прадугледжвае. Таму для гэтых людзей асабліва важна не толькі атрымаць перад Новым годам якісьці падарунак, але і пачуць цёплыя словы віншаванняў, падзякі ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, прафсаюзнага камітэта.
Паводле інфармацыі з гаспадарак раёна, найбольш у гэтым плане паклапаціліся пра сваіх работнікаў у ААТ “Бягомльскае”, дзе навагоднія падарункі адміністрацыяй уручаліся непасрэдна ў калектывах на рабочых месцах, і ў ДП “Гняздзілава-Агра” – там і елачку ў праўленні ўпрыгожылі, і плакат святочны намалявалі, і людзей запрасілі на ўручэнне падарункаў.
Павіншавалі працаўнікоў і ў такіх буйных гаспадарках, як ААТ “Таргуны”, “Барсучанка”, “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Ды толькі падарункі там проста развозіліся, перадаваліся на фермы, мехдвары. Прыемна, вядома, і гэта, але, па словах саміх жа працаўнікоў, радасць, святочны настрой множацца, калі менавіта кіраўніцтва наведваецца ў калектыў і віншуе ўсіх са святам, азіраючыся на пражыты год. І работнікам прыемны клопат: у чаканні сустрэчы прыбрацца ў пакоі адпачынку, магчыма, упрыгожыць елачку, заварыць гарбату. А ўвогуле – проста яшчэ раз адчуць сябе патрэбнымі. Часам такія сустрэчы даюць больш плёну ў працы, чым загады, ушчуванні, дысцыплінарныя меры. Калі ж мерапрыемства праводзіцца толькі дзеля “галачкі”, якога энтузіязму ў рабоце, якой аддачы тады варта чакаць? Чым больш святочна, ярка, урачыста, творча адзначаецца Новы год у іншых установах і арганізацыях раёна, тым больш у сельскай гаспадарцы ўсё сумна. Падобна на тое, добрыя традыцыі пачынаюць адыходзіць у нябыт. У КУП “Докшыцкі”, ДП “АграСітцы” і ААТ “Замастачанскае”, дзе работнікі не дачакаліся ні падарункаў, ні віншаванняў, мусіць, дакладна адышла. У першых дзвюх гаспадарках тлумачаць гэта цяжкім фінансавым становішчам, хаця, здавалася б, тое становішча не надта пагоршылі б віншаванні на фермах і мехдварах з самымі сціплымі падарункамі – якім-небудзь кілаграмам цукерак на ўсіх: дарагі не падарунак – дорага павага. У “Замастачанскім” адсутнасць свята не тлумачаць ніяк, хаця адказ тут, як кажуць, ляжыць на паверхні.
…А вяскоўцы з настальгіяй згадваюць тыя часы, калі з Новым годам віншавалі і дарылі падарункі нават самадзейныя Дзед Мароз са Снягуркай. Так, часы мяняюцца, праблемы і фінансавыя цяжкасці ціснуць на сельгаспрадпрыемствы з усіх бакоў. Але ж іх работнікі па-ранейшаму маюць права не толькі добрасумленна выконваць свае працоўныя абавязкі, але і, як пісаў класік беларускай літаратуры, “людзьмі звацца”. Ці гэта не прадугледжана калектыўным дагаворам?

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *