Гость из Греции полюбил Докшицы как свои родные Солоники
Сённяшнім часам не дзіўна сустрэць беларусаў, у тым ліку і былых дакшычан, у іншай краіне. Польшча і Германія, Францыя і Англія, Арабскія Эміраты і ЗША – далёка не поўны пералік месцаў, дзе жывуць і працуюць нашы землякі. Адны даволі хутка там прыжыліся і па малой радзіме не надта сумуюць, мяркуючы па тым, што прыязджаюць у Беларусь рэдка. Іншыя робяць гэта пры любой магчымасці, каб пабачыцца з роднай старонкай, сябрамі, роднымі.
З апошніх і дакшычанка Людміла Кудзерка, якая вось ужо шмат гадоў жыве ў Грэцыі, мае там сям’ю, але пры любой магчымасці прыязджае ў горад свайго дзяцінства, сталення, туды, дзе пакінула сваё “дзіця” – эстрадную студыю “Калейдаскоп”. Менавіта Людміла Іосіфаўна з’яўляецца яе стваральнікам. Дзякуючы прафесійным здольнасцям Людмілы як кіраўніка акадэмічнага хору, мэтанакіраванай дзейнасці, студыя атрымала званне народнага калектыву.
Па прыездзе Людміла Іосіфаўна абавязкова гасцюе ў сваіх былых калег – работнікаў культуры горада. Дапамагае парадай, а то і канкрэтнымі дзеяннямі. Той, хто наведаў сёлета гарадскі баль або чытаў пра яго ў нашай газеце, пэўна, звярнуў увагу на прысутнасць на ім пана Лаўрэнціса Зафірыядзіса, госця з Грэцыі, які распачынаў свецкі раўт фанфарамі. Гэты пан і ёсць сужэнец Людмілы Іосіфаўны. Ён вельмі любіць прыязджаць на радзіму жонкі.
– Гэта мая любоў да Беларусі яму перадалася, – гаворыць Людміла. – Нават цяжка сказаць, хто часцей успамінае ў Грэцыі Докшыцы: я ці ён? Вельмі ганарыцца, што ўдзельнічаў у балі, што спатрэбілася яго ўменне іграць на трубе. Лаўрэнціс вырас у Салоніках. Ён – прафесійны заўзятар футбольнай грэчаскай каманды “Паок” і ўдзельнік гарадскога духавога аркестра. Аднойчы прыйшоў з трубой на матч і гучна падтрымаў любімую каманду фанфарамі. З таго часу суправаджаў паокскіх футбалістаў на ўсіх спаборніцтвах і зараз з’яўляецца ганаровым ветэранам каманды. У 2011 годзе ў яго гонар быў наладжаны вялікі канцэрт, а трубу Лаўрэнціса перадалі ў музей. Цяпер будзе расказваць у Грэцыі, як выступаў у Беларусі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.