Капуцины из Докшиц выздоравливают. Их братья молятся за врачей
Як паведаміў 14 красавіка Catholic.by кусташ Беларускай кустодыі ордэна Братоў Меншых Капуцынаў брат Алег Шэнда OFMCap, на гэтым тыдні са шпіталя выйдзе адзін з докшыцкіх братоў, які адчувае сябе значна лепш.
Яшчэ адзін брат і сястра, якія нясуць служэнне пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах (Віцебская дыяцэзія), былі выпісаныя ўжо перад Вялікаднем, 10 красавіка. Ва ўсіх іх быў аднолькавы дыягназ — пнеўманія. Каранавірусная інфекцыя афіцыйна не пацвердзілася.
Брат Алег Шэнда OFMCap зазначыў, што браты і сястра, якія захварэлі ў Докшыцах, кантактавалі з людзьмі, якія да гэтага наведвалі абласны шпіталь у Віцебску.
Кусташ падкрэсліў, што браты перад гэтым не былі ў краінах, дзе раней распачалася эпідэмія COVID-19.
На сённяшні дзень немагчыма дакладна высветліць, адкуль трапіла інфекцыя ў райцэнтр і якімі шляхамі распаўсюджвалася. З захварэўшых падобным чынам (а іх усяго каля сотні) толькі пятая частка больш-менш рэгулярна наведвала касцёл.
«Мы вельмі ўдзячныя лекарам, якія дапамаглі і дапамагаюць нашым братам і іншым людзям вярнуцца да здароўя. Ім цяпер даводзіцца нялёгка, таму мы асаблівым чынам падтрымліваем медыкаў нашaю малітваю і запрашаем далучыцца да яе ўсіх вернікаў»,— сказаў брат Алег Шэнда OFMCap.
Па ініцыятыве братоў капуцынаў на працягу Актавы Пасхі а 19-й гадзіне па буднях, а ў нядзелю а 10-й гадзіне ў касцёле святога Францішка Асізскага ў Мінску цэлебруюцца святыя Імшы за супрацоўнікаў службы аховы здароўя якія, падвяргаючы сябе небяспецы, змагаюцца за жыццё кожнага хворага на каранавірус і на іншыя заразныя хваробы.
Удзельнічаць у малітве можна з дапамогаю анлайн-трансляцыі святой Імшы на канале YouTube парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску.
У вернікаў ёсць таксама магчымасць далучыцца да гэтай малітвы за медыкаў, даслаўшы сваю інтэнцыю ці просьбу ў Viber на парафіяльны нумар +375 29 316 91 69
«Калі хтосьці мае знаёмых дактароў, медыцынскіх сясцёр і іншых супрацоўнікаў службы аховы здароўя, пішыце, калі ласка, іх імёны, прозвішчы.
За ўсіх будзем маліцца разам. Ім цяпер вельмі неабходна наша падтрымка. Беражыце сябе і сваіх родных!» — заклікае брат Алег Шэнда OFMCap.