Самую тонкую работу может выполнить слесарь-электромантажник завода «Ветразь» Докшицкого района Татьяна Автушко

Работа Таццяны Аўтушка ‘‘тонкая’’.

Стаж работы на заводзе “Ветразь” Таццяны Аўтушка налічвае ўжо два дзесяцігоддзі. Пачынала калісь зборшчыцай ёлачных цацак. Перад увядзеннем у строй электрамантажнага цэха ўвайшла ў склад каманды з шасці чалавек, якая была накіравана на курсы ў Магілёў. Асвоіўшы неабходныя тэхналогіі, яны вучылі затым іншых работнікаў. Як слесар-электрамантажнік з вялікім вопытам, Таццяна Леанідаўна і зараз дапамагае навічкам асвоіць азы спецыяльнасці, хутчэй адаптавацца ў калектыве і нарасціць тэмпы работы. За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм мае шэраг узнагарод.

Гэта прыязная, усмешлівая, на выгляд вельмі спакойная і вытрыманая жанчына, што ў яе прафесіі, думаецца, толькі “плюс”, родам са Смаргоні. Закончыла будаўнічае вучылішча, працавала на заводзе цяжкіх металічных канструкцый у Маладзечне. А затым пазнаёмілася з бягомльскім хлопцам, з якім далей і “пусцілі карані” на докшыцкай зямлі, вырасцілі дваіх дзяцей, радуюцца тром унукам і вось-вось чакаюць з’яўлення на свет чацвёртага.

Мовай лічбаў

ААТ “Завод “Ветразь” працягвае нарошчваць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі, якой за сем месяцаў бягучага года выпушчана на суму 6417 тысяч рублёў – тэмп росту да паказчыка адпаведнага перыяду 2019 года склаў 106,1 працэнта. Узровень рэнтабельнасці продажу – 10,3 працэнта. Сярэднямесячная заработная плата на прадпрыемстве складае 1175,9 рубля, тэмп росту да адпаведнага перыяду мінулага года – 122,5 працэнта.

– У цэху даводзіцца займацца рознымі работамі, напрыклад, зборкай выключальнікаў адсечкі, посткнопачных рэвізій і іншых камплектуючых дэталей да ліфтаў, – распавядае Таццяна Леанідаўна. – Зразумела, у такой справе патрэбны ўседлівасць, сканцэнтраванасць, добрая маторыка рук. Да ўсяго работа слесара, незалежна ад таго мужчына ён ці жанчына, патрабуе ўмення карыстацца паяльнікам, шрубавёртам, ключамі-адвёрткамі і іншымі інструментамі. Упраўляюся з імі гэтак жа нязмушана, як з якой-небудзь жаночай работай: са спіцамі, напрыклад, – вельмі люблю вязаць – ці іголкай, ці цестам на кухні. Таму і дома магу ўжо даволі спрытна дапамагаць мужу ў рамонце – як будаўнічым, так і бытавой тэхнікі або аўтамабіля, а нешта па сіле і самастойна зрабіць. Камфортна адчуваю сябе ў згуртаваным калектыве цэха, большасць работніц якога працуе на заводзе працяглы тэрмін, паколькі і ўмовы працы, і заработная плата задавальняюць. З нецярпеннем чакаем “пераезду” ў новы цэх, што, спадзяёмся, не за гарамі. Паявяцца новыя працоўныя месцы, павялічыцца аб’ём выпускаемай прадукцыі. Стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні – гэта вельмі важна. І яны ў нас ёсць.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *