Делегация Докшицкого района приняла участие в областных «Дожинках» в Витебске

img_0306

 

На традыцыйнае восеньскае свята “Дажынкі” дэлегацыя нашага раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак, накіравалася з асабліва ўзнёслым настроем: сёлетні докшыцкі каравай – гэта 58,7 тысячы тон збожжа і шостае месца ў турнірнай абласной табліцы, што, несумненна, з’яўляецца поспехам, дасягнутым дзякуючы прадуманай сістэме работы і агульным намаганням аграрыяў.

 


Віцебск – сэрца паўночнага рэгіёна нашай краіны – сустрэў у суботу залатакупальным ззяннем храмаў над Дзвіной больш за шэсць дзясяткаў аўтобусаў з дэлегацыямі раёнаў. Фестываль распачаўся з экскурсіі па абласным цэнтры і ўскладання вянкоў і кветак да манумента воінам-вызваліцелям. Яркае воднае шоу ў акваторыі Заходняй Дзвіны, у якім удзельнічалі верталёты, гідрацыклы, маторныя лодкі, пажарныя машыны, падаравала гасцям і гараджанам МНС. На плошчы Перамогі дзейнічала выстава айчыннай і імпартнай сельгастэхнікі, сярод якой былі і агрэгаты, што выпускаюцца прадпрыемствамі Віцебшчыны.
Яркая святочная калона прайшла ад плошчы да Летняга амфітэатра, дзе і разгарнуліся асноўныя па­дзеі. Прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь агучыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка. У сваім выступленні старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што сёлетні сельскагаспадарчы год склаўся для аграрыяў лепш за папярэднія, і немалую ролю ў гэтым сыграла паляпшэнне культуры земляробства, вялікая ўвага, удзеленая догляду за пасевамі, павышэнне адказнасці кіраўнікоў і спецыялістаў у адносінах да тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Акрэсліваючы планы на будучае, ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці зрабіць галіну сучаснай, павысіць яе імідж, укараніць прынцыпова новыя падыходы ў гаспадаранні, шырэй распаўсюджваць вопыт перадавых сельгаспрадпрыемстваў, прымяняць у рабоце высокапрадукцыйную тэхніку.
Безумоўна, самыя ўрачыстыя і хвалюючыя моманты свята – уручэнне ўзнагарод. А іх сёлета ў скарбонцы перамог нашага раёна нямала. Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ атрымаў механізатар ААТ “Таргуны” Вячаслаў Аніковіч. Дыплом пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў” быў уручаны ААТ “Барсучанка”. У намінацыі абласнога спаборніцтва “Сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур” трэцяе месца заваявалі хлебаробы ДП “АграСітцы”. Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама адзначаны працоўныя дасягненні механізатара ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”Уладзіміра Лаўцэвіча. Яго малады калега Віктар Суднік узнагароджаны Граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.

Запомняцца ўдзельнікам “Дажынак”, гасцям і жыхарам Віцебска і шматлікія мерапрыемствы – святочны канцэрт на сцэне Летняга амфітэатра, прыняць удзел у якім з песняй Уладзіміра Высоцкага “Баллада о любви” выпаў гонар нашаму Андрэю Воранаву, свята традыцыйнай культуры на плошчы Свабоды “Спяваем, танцуем і гуляем” – падчас яго на турніры бытавых танцаў Віцебскай вобласці годна выступілі танцавальныя пары Валкалацкага СДК, а таксама шквал апладысментаў і воклічаў “брава!” сарвалі шэсць народных калектываў Докшыччыны – яны прадставілі гледачам яркую і разнапланавую канцэртную праграму. Увогуле кожны ахвотны мог цікава і запамінальна правесці час у гэты святочны дзень. Можна было паглядзець паказальныя выступленні па велатрыялу, картынгу, паўдзельнічаць у майстар-класах па воркаўту, спачану, стральбе з лука на пляцоўцы культурна-спартыўнага комплекса, пабываць на адкрыцці пасля рэканструкцыі сквера імя Кірава, на інтэрактыўнай пляцоўцы ДАІ, на выставе-продажы прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці “Восеньскі карагод”, тэматычнай пляцоўцы абласнога камітэта ГА “БРСМ”, дзе сярод шматлікіх мерапрыемстваў асаблівую цікавасць выклікалі ўстаноўка рэкорда “Тысячнае падцягванне на турніку ў гонар 1000-гадовага Віцебска” і жывыя скульптуры Браслава. Як заўжды, прыгожы каравай на свята спяклі майстры нашага хлебазавода, а “Докшыцкі падворак” дзякуючы старанням работнікаў райста поўніўся наведвальнікамі. Гэта далёка не поўны пералік усяго, што можна было пабачыць на свяце, якое прайшло з вялікім размахам. У наступным годзе абласныя “Дажынкі” будзе прымаць яшчэ адзін паўночны рэгіён Віцебшчыны – Шуміліна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *