У полі зроку — ахова правапарадку
На мінулым тыдні пад старшынствам В.У. Сівіцкай адбылося пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якім асноўным было пытанне “Аб сумеснай рабоце пасялковага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, участковых інспектараў міліцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, грамадскіх фарміраванняў па забеспячэнні аховы грамадскага парадку і законнасці, стане супрацьпажарнай бяспекі на тэрыторыі пассельвыканкамаў”. Акрамя членаў прэзідыуму, на пасяджэнне ў райвыканкам былі запрошаны старшыні пассельвыканкамаў, кіраўнікі асобных аддзелаў райвыканкама і арганізацый раёна, участковыя інспектары.
Адразу слова было прадстаўлена начальніку РАУС М.Э. Гігола. Ён адзначыў, што ў бягучым годзе на тэрыторыі раёна назіраецца зніжэнне злачыннасці з 218 да 194 выпадкаў, у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку са 173 да 146. Больш за 65 працэнтаў злачынстваў раскрыты. Колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў знізілася з 14 да 12. Знізілася і колькасць крадзяжоў са 127 да 104. Большую частку, а менавіта 87,5 працэнта, складаюць крадзяжы асабістай маёмасці грамадзян. Рост злачыннасці назіраецца ў 2010 годзе на адміністрацыйных участках Крулеўшчынскага, Бярозкаўскага, Тумілавіцкага сельсаветаў. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі (далей ЛПП) накіраваны 39 асоб, якія злоўжываюць спіртным (дзевяць з іх – жанчыны), 9 грамадзян абмежаваны ў дзеяздольнасці.
Дапамогу ў прафілактычнай дзейнасці грамадскім пунктам аховы правапарадку аказваюць 150 членаў добраахвотных дружын. Прадстаўнікі органаў улады на месцах абменьваюцца інфармацыяй з участковымі інспектарамі міліцыі па фактах сямейнай недабранадзейнасці, гвалту, злоўжывання спіртным, дапамагаюць пры накіраванні асоб у ЛПП, удзельнічаюць у акцыі “Сям’я без насілля” ў рэйдах па недабранадзейных сем’ях.
З садакладам па першым пытанні выступіў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В.А. Купрэвіч. Ён канстатаваў, што нягледзячы на шэраг супрацьпажарных мерапрыемстваў, што пастаянна праводзяцца, у 2010 годзе на тэрыторыі раёна адзначаецца рост гібелі людзей на пажарах. Тут у адмоўных “лідарах” знаходзяцца Бягомльскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Бярозкаўскі і Бярэзінскі пассельсаветы. Па віне асоб у стане алкагольнага дурману здарылася 11 пажараў. Для тушэння пажараў у населеных пунктах павінны быць супрацьпажарныя вадаёмы, якія не заўжды знаходзяцца ў належным стане.
Заслухаўшы ўсе агучаныя факты, а таксама прапановы, што паступалі ў ходзе абмеркавання пытання, прэзідыум райсавета прыняў адпаведную пастанову. Так, згодна з ёй, на тэрыторыях пассельсаветаў павінны быць інфармацыйныя стэнды “Окно позора”, дзе месцілася б інфармацыя пра асоб, што здзяйсняюць правапарушэнні. Трэба прыняць меры і па належнаму асвятленню вуліц, паркаў, сквераў, тэрыторый двароў. Неабходна прадоўжыць і ўзмацніць работу старшыням пассельвыканкамаў, актыву, разам з участковымі інспектарамі па кантролі за станам грамадскага правапарадку і законнасці ў выхадныя і святочныя дні, пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, у месцах грамадскага адпачынку моладзі. З прыцягненнем грамадскасці неабходна выяўляць месцы вытворчасці і незаконнай рэалізацыі спірту, самагону і фальсіфікаваных спіртных напояў. Актывізаваць работу па выяўленні састарэлых грамадзян, непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама работу камісій, якія сочаць за супрацьпажарным станам населеных пунктаў, садзейнічаюць папярэджванню і прафілактыцы пажараў і гібелі на іх людзей. Трэба таксама правесці інвентарызацыю супрацьпажарнага водазабеспячэння на падначаленых тэрыторыях.
Былі разгледжаны на пасяджэнні прэзідыума райсавета і некаторыя іншыя пытанні, што тычацца водазабеспячэння тэрыторый пассельсаветаў, а таксама канкрэтнай работы па зносе трухлявых і пустуючых дамоў. Пасля абмеркавання ўсіх пытанняў былі прыняты адпаведныя пастановы.
Наталля Навіцкая.